У Менскай вобласьці на перагоне Княгінін — Куранец ад моцнага ветру дрэвы ўпалі на чыгуначныя каляіны і заблякавалі рух.
Як паведамілі ў Віцебскім аддзяленьні Беларускай чыгункі, цягнік № 625 Віцебск — Менск, які выйшаў 6 жніўня а 21:35 і мусіў прыбыць у беларускую сталіцу а 6:26, затрымліваецца больш чым на дзьве гадзіны.
У самім Віцебску 6 жніўня праз моцную залеву з шквалістым ветрам і градам пападалі дрэвы, быў спынены рух трамваяў.
Паводле рэгіянальнага выданьня «Віцьбічы», у абласным цэнтры падтапіла некалькі вуліц і раён аўтавакзалу. У мікрараёне Біцялёва прайшоў град, а ў Віцебскай вобласьці зафіксавалі да 15 паведамленьняў аб падзеньні дрэваў. Інфармацыі аб пацярпелых не было.
У Берасьці і Магілёве фіксавалі анамальную сьпёку — тэмпэратура перавысіла 40 градусаў.
Сотні паселішчаў без электрычнасьціУ Беларусі ў выніку навальніцы ў 438 населеных пунктах былі праблемы з электраэнэргіяй.
Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, найбольш складаная сытуацыя ў Менскай, Віцебскай, Горадзенскай і Гомельскай вобласьцях.
Пашкоджаныя пераважна разьмеркавальныя сеткі 10 кВ — адключаныя 95 лініяў электраперадачы. Аднаўленчыя работы вядуць 180 брыгадаў энэргетыкаў.
У Менскую вобласьць на дапамогу накіравалі дадатковыя брыгады зь іншых рэгіёнаў. Толькі ў Вялейскім раёне ад непагадзі пацярпелі 172 населеныя пункты, пашкоджаныя 20 лініяў электраперадачы 10 кВ, пашкоджаныя апоры, шмат паваленых дрэваў.
Непагадзь зьнішчыла лесУ Міністэрстве лясной гаспадаркі Беларусі паведамілі, што выніку моцнай навальніцы толькі ў Жлобінскім і Вялейскім лясгасах пацярпелі па 200 і 150 гектараў лясных масіваў адпаведна.
На 7 жніўня прагназуюць моцныя навальніцы і вецерМіністэрства надзвычайных сытуацыяў Беларусі выдала папярэджаньне аб неспрыяльных гідрамэтэаралягічных зьявах 7 жніўня.
У многіх раёнах прагназуюць навальніцы, месцамі моцныя залевы і шквалістае ўзмацненьне ветру парывамі 15–20 м/с і да 24 м/с — у асобных раёнах, днём град. Удзень на паўднёвым усходзе краіны максымальная тэмпэратура дасягне +30...+34°С, месцамі +35°С. На паўднёвым захадзе ўдзень прагназуюць рэзкае пахаладаньне да +22...+27°С.
У ведамстве папярэдзілі, што праз такое надвор’е магчымыя адключэньні электраэнэргіі, дэфармацыя асфальтавага пакрыцьця дарог і чыгуначных рэек і ў сувязі з гэтым рост колькасьці аварыяў. Не выключаюць таксама абрыву лініяў электраперадачы і сувязі.
Што папярэднічала і чаму гэта важнаПразь сьпёку ў траўні і чэрвені ў Заходняй Эўропе засуха ахапіла велізарныя тэрыторыі, што зрабіла іх асабліва ўразьлівымі да лясных пажараў.
Дасьледнікі адзначаюць, што сёлетняя сьпёка — адна з самых моцных і пашыраных за ўсю гісторыю назіраньняў. Паводле іх аналізу, падобныя хвалі цяпла амаль немагчымыя без уплыву кліматычных зьменаў, выкліканых выкідамі парніковых газаў.
Асноўныя прычыны гэтага, паводле навукоўцаў: глябальнае пацяпленьне праз спальваньне выкапнёвага паліва; перасушаныя глебы, якія ўзмацняюць награваньне паветра; зьмены ў атмасфэрнай цыркуляцыі, якія «завешваюць» гарачае паветра над Эўропай; памяншэньне воблачнасьці і ахаладжальнага эфэкту аэразоляў.
Паводле Ўсясьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі, сярэдняя тэмпэратура ў Эўропе падымаецца ўдвая хутчэй за сярэдні паказьнік у сьвеце, што робіць працяглыя пэрыяды сьпёкі ўсё больш імавернымі.
Небясьпека цяпер ідзе ня толькі ад максымальных тэмпэратураў, але і ад высокай начной тэмпэратуры (арганізм не пасьпявае астываць), павышанай вільготнасьці, перагрузкі мэдычных установаў і транспарту.
Навукоўцы папярэджваюць, што хвалі сьпёкі будуць часьцейшымі і даўжэйшымі, тэмпэратурныя рэкорды будуць абнаўляцца рэгулярна, цяперашнія экстрэмальныя ўмовы могуць стаць «новай нормай» у Эўропе.