Алесь Адамовіч размаўляе з жанчынамі для кнігі «Я з вогненнай вёскі»
— Калі сёння аглядаць літаратуру другой паловы XX стагоддзя, ці можна сказаць, што пасля Адамовіча стала немагчыма пісаць пра катастрофы так, як пісалі раней?
Напэўна. Але самае галоўнае — ён аказаўся празорцам: першым сфармуляваў і вывеў на літаратурную авансцэну сведку. Менавіта сведка сёння — галоўны герой літаратуры. Алесь Адамовіч здагадаўся пра гэта гадоў на 70‑80 раней за ўсіх нас.
— Сваю новую літаратурную практыку ён вызначыў у пэўным сэнсе прэтэнцыёзным тэрмінам «звышлітаратура»…
Відаць, натрапіў на гэтую знаходку і не адразу дакладна сфармуляваў яе сутнасць. Кідкасць формулы выклікала пэўнае адчужэнне, хоць насамрэч Адамовіч абсалютна меў рацыю. Мы сёння жывём у свеце, які ён прапанаваў.
— Такім чынам, да Адамовіча літаратура найчасцей распавядала пра чалавека, а ў яго чалавек загаварыў сам?
Цяжка сцвярджаць, што гэта быў упершыню знойдзены прыём. Напрыклад, нашмат раней, яшчэ ў 1917-м, Соф’я Фядорчанка, якая працавала сястрой міласэрнасці падчас Першай сусветнай вайны, пачала ствараць з салдацкіх галасоў, размоў і аповедаў кнігу «Народ на вайне». Так што спробы знайсці новыя спосабы сувязі з рэальнасцю існавалі і да нас.
— А вы пайшлі следам за славутым земляком выпадкова?
— Тут глыбей. Я вырасла ў вёсцы, таму літаратура ў чыстым, стылізаваным выглядзе мяне не прыцягвала. З дзяцінства памятала моцныя ўражанні ад вясковых размоў на лаўках і прызбах, а потым не знаходзіла гэтага рэфрэну ў чыста белетрыстычным афармленні рэальнасці.
— Формула «Адамовіч паўплываў на Алексіевіч» даўно на слыху, ды і вы самі не раз называлі яго сваім настаўнікам. Але ці не стаў ён у пэўным сэнсе настаўнікам цэлага літаратурнага пакалення — нават аўтараў, якія яго ніколі не ведалі? Бо фактычна Адамовіч змяніў саму прыроду літаратуры сведчання

Святлана Алексіевіч пасля выхаду кнігі «У вайны не жаночы твар» размаўляе з адной са сваіх гераінь. 1985 г. Фота: Юрый Іваноў / Scanpix
— На жаль, свет мала даведаўся пра Адамовіча. «Я з вогненнай вёскі» была перакладзеная ўсяго на некалькі моў, а для сусветнай літаратуры фактычна засталася невядомай. Таму сумленна было б сказаць так: многае з таго, што сёння пішуць пра мяне, насамрэч належыць Адамовічу. Я пачула гэта ў яго.
Пры ўсім тым ён не вучыў мяне так, як некаторыя ўяўляюць — маўляў, прыносіла яму кавалкі кнігі, а майстар чытаў, нешта падказваў. Нічога падобнага! Ён паставіў мне мысленне — праз свае кнігі і, зразумела, нашыя размовы. Так навучылася бачыць, адчуваць, думаць па-за межамі адной культуры — глабальна. Адамовіч сапраўды меў сусветнае мысленне, хоць яно, на жаль, усё роўна засталося ў досыць вузкім коле. У гэтым вінаватая і нашая тагачасная абмежаванасць: мы былі аддзеленыя ад іншага свету, нават тая самая Расія нас не надта ведала…
Неяк ён падзяліўся задумай кнігі пра жанчын на вайне, якую сам хацеў бы напісаць. Я захапілася гэтай ідэяй, бо ў газетных камандзіроўках сустракалася з такімі жанчынамі і яны рабілі на мяне моцнае ўражанне. Ды і з дзяцінства памятала ўдоў загінулых партызан… А потым проста прынесла яму ўжо гатовую кнігу.
— «У вайны не жаночы твар»…
— І пачула: «Якое шчасце, што не я, а вы ўзяліся за гэтую тэму»… — «Чаму, Алесь Міхайлавіч?» — «Мне ў галаву не прыйшло б пра нейкія рэчы спытаць, я нават не ведаў, што вы так мысліце, жанчыны, так глядзіце: час па-іншаму, страх па-іншаму — у вас усё неяк інакш». Вось, вось такая была вучоба!
— Чаму, на ваш погляд, ён так відавочна цягнуўся ў творчасці да «мы», да суаўтарства?
— Сапраўды, «мы» гучала пастаянна. Навошта яму так патрабавалася калектыўнасць: ад недахопу часу, або яны з Брылём, Калеснікам, Граніным па ходу асэнсоўвалі ўсё гэта, або яшчэ нешта іншае?.. Не ведаю.

Збор матэрыялу для кнігі «Я з вогненнай вёскі». Янка Брыль і Алесь Адамовіч. 1970— 1973‑я гг. Фота: adamovich.1387.io
Асабіста я з вучобы ў Адамовіча вынесла ідэю новага жанру. Да тонкасцяў і глыбіні абмеркавання, далейшага шляху не даходзіла: ён быў моцна заняты сваёй дарогай, меў вельмі шмат спраў і сустрэч. Ну і жыў на два дамы і на дзве краіны — гэта ўсё вельмі складана.
Таму далей ішла абсалютна самастойна. І, па-мойму, пасля другой кнігі зразумела, што павінен нарадзіцца цыкл з пяці-сямі кніг, каб закрануць усю нашую гісторыю. Вядома, тады я яшчэ не ўяўляла, чым гэтая гісторыя скончыцца. Потым ужо проста ішла следам за жыццём.
— У масавым уяўленні Адамовіч — найперш пісьменнік вайны. Хоць, на маю думку, насамрэч ён пісаў нешта больш універсальнае — пра тое, як чалавек прывыкае да зла і як зло робіцца нормай.
— Калі згадваю даўнія размовы, то мы гаварылі сапраўды менавіта пра чалавечую прыроду, як ён адкрываў для сябе еўрапейскі досвед, а той рабіўся яго асабістым — вось пра што разважалі.
Тады ў паветры літаральна вісела праблема новай сусветнай катастрофы, мы непакоіліся, што ўсё магло скончыцца выбухам.
Недзе ў 1984‑м ці 85‑м у Мінску нават прайшла канферэнцыя, прысвечаная пагрозе ядзернай вайны. Пасля аднаго з асноўных дакладчыкаў выклікалі ў ЦК і загадчык аддзела культуры Іван Антановіч пачаў прафілактычную гутарку на павышаным голасе: «Што вы ўсё палохаеце атамнай бомбай? Адкуль вы ўзялі, што загіне ўсё чалавецтва?!»
А пасля аргументаў Адамовіча сказаў яму: «Калі нават ад усяго нашага народа застанецца ў жывых дзесяць чалавек, задача ў тым, каб яны былі савецкімі людзьмі». Скончыў прыблізна наступным: «У гэтым я бачу мэту сваёй працы, але і вашай, пісьменніцкай, таксама».

Алесь Адамовіч выступае на мітынгу падчас першага «Чарнобыльскага шляху». 1989 г. Фота: Сяргей Чырык
Аднак Адамовіч жыў іншай філасофскай дылемай: націснуць ці не кнопку з ядзернай бомбай. Ён імкнуўся літаратурна асэнсаваць, што станецца пасля таго з чалавецтвам і звычайным чалавекам, і не толькі савецкім або камуністам… У сваіх эсэ ён быў бліскучым мысляром, асобай сусветнага маштабу.
— Дарэчы, тая класічная дыскусія ў ЦК здарылася літаральна напярэдадні Чарнобыльскай катастрофы… Прадчуванне спраўдзілася, хоць і ў другой форме. Але ў роздумах пра маштабнае не выпадала і пастаянная пільная ўвага Адамовіча да перажыванняў так званых простых людзей. Наогул, да сведкаў важных падзей. Урок?
— Яшчэ раз: гэта было вельмі важна — прызнаць сведку галоўнай асобай літаратуры.
Заўсёды ўспамінаю, як адзін верталётчык, што скідаў мяшкі з пяском на рэактар, папрасіў сустрэцца, а я кажу, што не маю часу. Ён: «Не, яго няма ў мяне…» Сустрэліся: чалавек быў як шкілет — не жылец… І сказаў: «Добра, што вы не з нататнікам, а з дыктафонам, бо раскажу, што бачыў, але не зразумеў. Можа, і вы не даберацеся да праўды, але настане час, калі людзі гэта зразумеюць».
Галоўны пасыл Адамовіча, як я сама для сябе яго сфармулявала, ход яго думак быў пра гэта: убачыць жыццё, рэальнасць вачамі і вушамі сведкаў. Так лягчэй дабрацца да праўды.
— Адкуль у Адамовіча такая ўвага да сотняў адценняў трагедыйнага? З уласна перажытага ў вайну?
— Не толькі ў яго. Быкаў, Астаф’еў, Кандрацьеў — іх шмат. Гэтае пакаленне вырасла ў жаху і крыўдзе… Выскачыць з такога кола вельмі цяжка. А тое, што гэта ўдалося некаму з майго пакалення ці мне ў прыватнасці, — не таму, што мы разумнейшыя, а таму, што разумнейшыя на пяцьдзясят гадоў. Проста мы на час разумнейшыя. Нам ужо іншае дасталася.—
І пры ўсім тым — ізноў новы круг у вайны, ізноў «Цынкавыя хлопчыкі»… Няхай цяпер дроны лётаюць і ўжо не патрэбныя тысячы танкаў, але пытанні ўсё тыя ж. Чалавек пакуль не выкараскаўся з цемры бездані. Напэўна, людзі гэтак жа доўга адвучваліся ад людаедства.
— Каб сёння можна было выбраць: нешта спытаць у Адамовіча ці нешта яму расказаць — што б вы выбралі?
— Я ўважлівая слухачка, якая любіць пры гэтым задаваць пытанні. Распытвала б, напрыклад, чаму мы не можам вырвацца з гэтага кола гвалту. Чаму так і не наступіў «Канец гісторыі» Фукуямы?
Быў час, калі Адамовіч гаварыў з Далай-Ламам. Мелася выйсці кніга размоў пра зло і дабро, пра тое, куды мы выбраліся і ці выбраліся наогул, пра філасофскае разуменне жыцця. На жаль, нешта перашкодзіла — кніга не з’явілася.
Калі хадзіла па чарнобыльскай зямлі, то думала: чаму старажытныя індзейцы, калі забівалі жывёліну дзеля свайго жыцця, прасілі ў яе прабачэння і ніколі не забівалі больш, чым было патрэбна? А мы да гэтага ўзроўню не дацягнулі. Мы кінулі тых жывёлін і сышлі, а потым вярнуліся салдаты і пачалі расстрэльваць гэтых братоў меншых, асабліва свойскіх. Яны даверліва цягнуліся да людзей, а пасля расправы ацалелыя жывёлы пачалі людзей баяцца.
То-бок шмат новых пытанняў, якія толькі-толькі пачалі падымацца, ізноў сышлі і распусціліся ў гэтай культуры гвалту.
— Хачу пад канец размовы вярнуцца да самага пачатку вашага знаёмства…
Ледзь скончыла ўніверсітэт, калі атрымала заданне зрабіць з ім інтэрв’ю. Якраз выйшла «Я з вогненнай вёскі». Рыхтуюся, перачытваю кнігу — што ні драбніца, то філасофія чыстага жаху… Датэлефанавалася, прашу сустрэцца. «Добра». Але без прызначэння часу.
Праз колькі дзён сяджу ў рэдакцыі, раптам адчыняюцца дзверы — Адамовіч.
«Хто Алексіевіч? Вы тэлефанавалі мне». — «Ой, упершыню класік сам прыходзіць сюды…»
Смяецца. У яго паводзінах было нешта хлапечае, добрае — і ўвогуле вельмі шмат якасцяў, якім можна павучыцца.
Прыгожы, разумны чалавек, жывы класік без п’едэстала. Пра сябе ў бронзе ён, напэўна, не думаў. Яму многія тэлефанавалі з просьбамі і запрашэннямі. Жонка сварылася: «Сэрца… Беражы сябе!» Куды там — гэтага ён не ўмеў: тут жа адгукаўся, тут жа ішоў.
Яго шалёна цікавіла жыццё. Так і казаў: «жывое жыццё». Ён наогул любіў дакладныя фармулёўкі: жыццё мёртвае, жыццё жывое… Але заўсёды — жыццё.
— І побач з гэтым — смерць. Чаму, разумеючы свой маштаб, не захацеў быць пахаваным ні на прэстыжных маскоўскіх, ні на мінскіх могілках, а выбраў родную Глушу?
Гэта філасофія сувязі з той зямлёй, адкуль ты. Я была на яго магіле не раз… Той выбар — абсалютна думка мастака. Пра пачатак і канец.

У глушанскім лесе
У цэлым мы далёкія ад таго сэнсу жыцця, пра які вялікія розумы толькі здагадваліся. Адамовіч таксама прабіваўся да яго — і хацеў пра гэта сказаць, і спрабаваў. З ім было цікава гаварыць на ўзроўні такіх ідэй. І падобную размову цяжка ўявіць з кімсьці з іншых пісьменнікаў.
Памятаю сваю апошнюю сустрэчу з Алесем Міхайлавічам. Я была ў яго дома, мы доўга гутарылі. Потым ён спахапіўся: «Мне трэба ісці ў Дом літаратараў! — і працягвае: — Давайце спачатку вас правяду, а потым спушчуся ў метро».
Я нават не думала, што гэта развітанне. Здаецца, ужо каля падземкі спытала пра самаадчуванне. Памаўчаў і кажа: «Ну, не вельмі добра, але… Але, ведаеце, Света, цікава будзе паглядзець: а што ж там? А што ж там? Няўжо ўсё толькі заканчваецца?»
Развярнуўся, пайшоў, а я думаю: божа, нават туды яму хочацца зазірнуць і прадумаць… І ўсё — цягам месяца памёр.
— Містычная гісторыя…
Нібыта простая, але вельмі моцная. Гэта — Адамовіч.
| # | Наименование новости | Тональность | Информативность | Дата публикации |
|---|---|---|---|---|
| 1 | Што вядома пра страты Расіі ва Украіне на канец жніўня? | 0 | 10 | 21-08-2026 |
| 2 | Чаму гэтую пісьменніцу ХІХ стагоддзя так часта экранізуюць? У чым яе феномен? | 0 | 10 | 18-07-2026 |
| 3 | Ці здымае Беларусь вяршкі з паліўнага крызісу ў Расіі? Ёсць нюансы | 0 | 10 | 21-08-2026 |
| 4 | «Узяць лахі пад пахі». А што такое лахі? | 0 | 7.66 | 21-02-2026 |
| 5 | «Жыве!» ці «Жыве вечна!»? Як правільна? Вакол гэтага пытання разгарнулася палкая дыскусія | 0 | 8.4 | 26-01-2026 |
| 6 | Дзявятая планета Сонечнай сістэмы: ці блізкія мы да разгадкі яе таямніцы? | 0 | 8.26 | 18-04-2026 |
| 7 | Пра што маўчыць Аляксей Францкевіч, якому Польшча закрыла ўезд на 10 гадоў | 0 | 18.33 | 21-08-2026 |
| 8 | Ціханоўская заклікала беларусаў развітацца з Аляксандрам Мілінкевічам | 0 | 10 | 21-08-2026 |
| 9 | Вячэра, пасля якой ужо не будзе як раней | 0 | 10 | 17-07-2026 |
| 10 | Чаму не варта перастройвацца з паласы ў паласу, калі вы захраслі ў заторы? Тлумачаць матэматыкі | 0 | 7.51 | 16-07-2026 |