Вход на сайт

Просмотр новости

Найдите то, что Вас интересует

Пра што маўчыць Аляксей Францкевіч, якому Польшча закрыла ўезд на 10 гадоў

Дата публикации: 21-08-2026 16:00:01



Основное содержимое страницы с новостью.

7 жніўня 2026 года Аляксей Францкевіч ехаў у Варшаву на канферэнцыю «Новая Беларусь». Мяжы ён не перасёк. Паводле яго слоў, польскія памежнікі паведамілі пра дзесяцігадовую забарону на ўезд, а пазней, што яго лічаць «непажаданай асобай».

Што менавіта стала падставай, польскія ведамствы ў такіх сітуацыях публічна не паведамляюць. 

«Спадзяёмся на празрысты і справядлівы разгляд сітуацыі, а таксама на захаванне прынцыпаў вяршэнства права і павагі да правоў чалавека», — гаварылася ў заяве дабрачыннага фонду, які ўзначальвае Францкевіч.

Гэтая забарона стала нагодай уважліва паглядзець на мінулае Аляксея Францкевіча і зрабіла актуальным пытанне: хто гэты чалавек, які шмат гадоў прадстаўляўся беларускім актывістам, круціцца сярод беларускіх добраахвотнікаў і патрабаваў, каб Святлана Ціханоўская ўступіла ў «сапраўдны дыялог» з беларусамі Украіны.

«Наша Ніва» аднавіла яго біяграфію па рэестрах, архіўных публікацыях і сведчаннях людзей, якія ведалі яго ў Беларусі, Чэхіі і Украіне.

У публічнай біяграфіі Францкевіча аказалася шмат шэрых плям. Да атрымання палітычнага прытулку ў Чэхіі ён не меў вядомай гісторыі апазіцыйнай дзейнасці, затое быў двойчы асуджаны за маёмасныя злачынствы. У эміграцыі рэгістраваў кампаніі і арганізацыі, займаўся легалізацыяй іншых людзей, супрацоўнічаў з Вольгай Карач і Алесем Міхалевічам.

Пазней ва Украіне ўзначаліў фонд, створаны яшчэ да ягонага ад’езду з Беларусі. Разам з Вольгай Карач, Анатолем Котавым і Дзмітрыем Скіндзеравым увайшоў у палітычны форум Дзмітрыя Балкунца і Валера Цапкалы, створаны ў піку Святлане Ціханоўскай. І дапамагаў батальёну «Тэрор», які адкалоўся ад Палка Каліноўскага.

Пяць гадоў з канфіскацыяй, новы крадзеж — і палітычны прытулак. Што Францкевіч рабіў да ад’езду ў Чэхію

Аляксей Францкевіч нарадзіўся 14 сакавіка 1975 года ў Маладзечне. У ягонай публічнай біяграфіі дарослае жыццё нібыта пачынаецца толькі ў 2006 годзе — з ад’езду ў Чэхію і атрымання палітычнага прытулку. Аднак у беларускіх рэестрах захаваліся і больш раннія звесткі. У 1999 годзе Францкевіч зарэгістраваўся ў Маладзечне як індывідуальны прадпрымальнік. Гэтае ІП выключылі з рэестра ў 2002 годзе. У лістападзе 2004‑га ён адкрыў другое ІП, але ў красавіку 2006 года яго ліквідавалі: паводле афіцыйнай фармулёўкі, прадпрымальнік цягам дванаццаці месяцаў не ажыццяўляў дзейнасці. Чым канкрэтна займаўся Францкевіч і ці меў ягоны бізнес рэальны абарот, з адкрытых звестак незразумела.

За месяц да прэзідэнцкіх выбараў 2006 года — тады ў Беларусі былі яшчэ адзінкі палітвязняў, і ўсе яны былі топавымі постацямі апазіцыі — Францкевіч пакідае Беларусь, выязджае ў Чэхію і атрымлівае там статус уцекача.

Пазней у інтэрв’ю Францкевіч будзе называцца беларускім актывістам, расказваць пра рэжым Лукашэнкі і палітычных зняволеных. Аднак у даступных архівах дачэшскага перыяду яго імя ўвогуле не сустракаецца ў палітычным кантэксце.

Няма Францкевіча сярод удзельнікаў выбарчых кампаній, назіральнікаў, затрыманых на акцыях, распаўсюднікаў незалежнай прэсы або герояў праваабарончай хронікі. Пра яго не пісалі незалежныя медыя, яго не згадвалі ў справаздачах аб рэпрэсіях.

Людзі, якія ў сярэдзіне 1990‑х і першай палове 2000‑х былі звязаныя з дэмакратычным рухам, таксама не памятаюць Францкевіча як палітычнага актывіста.

Затое ў міліцэйскіх базах ён з’яўляецца задоўга да 2006 года і зусім у іншай якасці. Францкевіч быў асуджаны двойчы. Абодва разы — за маёмасныя злачынствы.

Першы прысуд Францкевіча: пяць гадоў і канфіскацыя

Першы раз Францкевіч апынуўся на лаве падсудных у 1995 годзе. 17 сакавіка, усяго праз тры дні пасля дваццатага дня нараджэння,

суд Маладзечанскага раёна прысудзіў яму пяць гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Першапачаткова дзеянні Францкевіча кваліфікавалі паводле артыкула 91¹ у спалучэнні з артыкулам 42 Крымінальнага кодэкса 1960 года. Артыкул 91¹ прадугледжваў адказнасць за крадзеж дзяржаўнай або грамадскай маёмасці ў буйных памерах. Артыкул 42 дазваляў суду, улічваючы выключныя абставіны справы і асобу вінаватага, прызначыць пакаранне ніжэйшае за прадугледжаны законам мінімум. Такім чынам, пяць гадоў, атрыманыя Францкевічам, былі істотна змякчаным пакараннем.

Адбываў пакаранне Францкевіч у калоніі №8 у Оршы. Пасля яго перавялі ў калонію №24 у Рэчыцкім раёне. Апошняя ўстанова захавалася, але змяніла профіль і цяпер вядомая як папраўчая калонія № 24 у Зарэччы — жаночая калонія для рэцыдывістак.

27 кастрычніка 1998 года суд Рэчыцкага раёна ўмоўна-датэрмінова вызваліў Францкевіча. Да заканчэння тэрміну яму заставаўся амаль год. Такім чынам, з прызначаных пяці гадоў ён адбыў каля чатырох.

Другая справа: крадзеж магнітолы

Наступны крымінальны эпізод адбыўся прыкладна праз шэсць з паловай гадоў пасля вызвалення. 16 мая 2005 года суд Маладзечанскага раёна прызнаў Францкевіча вінаватым паводле часткі 1 артыкула 205 ужо новага Крымінальнага кодэкса. 

Паводле матэрыялаў справы, 12 сакавіка 2005 года Францкевіч скраў аўтамагнітолу з аўтамабіля «Рэно» нейкага А.Яўсеева. За гэта ён атрымаў адзін год папраўчых работ з утрыманнем 15% заробку на карысць дзяржавы.

Такім чынам, да пачатку 2006 года яго пацверджаная біяграфія выглядала наступным чынам: сур’ёзнае маёмаснае злачынства ў маладосці, пяць гадоў з канфіскацыяй, некалькі гадоў у калоніях, умоўна-датэрміновае вызваленне, а затым новы крадзеж і год папраўчых работ. Ніводнага вядомага палітычнага пераследу ў гэтай храналогіі няма.

Тым не менш амаль адразу пасля другога прысуду Францкевіч становіцца палітычным уцекачом.

Першы ад’езд за месяц да выбараў

Сам Францкевіч у сваіх пазнейшых інтэрв'ю расказвае пра гэты паварот вельмі коратка. Паводле яго, у 2006 годзе ён выехаў у Чэхію за месяц да прэзідэнцкіх выбараў і атрымаў там статус уцекача. Выбары прайшлі 19 сакавіка, таму гаворка павінна ісці прыкладна пра люты — менш як праз год пасля другога прысуду.

У вялікім інтэрв’ю 2024 года, дзе Францкевіч падрабязна гаварыў пра рэпрэсіі ў Беларусі, палітвязняў і свой далейшы шлях, пра прычыны першага ад’езду няма амаль нічога: толькі дата, Чэхія і атрыманы статус. Няма аповеду пра затрыманні, збіццё, ператрусы, звальненне за палітыку, сяброўства ў апазіцыйнай арганізацыі, удзел у выбарчай кампаніі або пагрозы з боку КДБ.

На гэтым фоне цікава, якую гісторыю распавёў Францкевіч чэшскім міграцыйным і іншым органам і ці паведаміў ён пра свае абедзве судзімасці.

Гэта не другасная дэталь. Чэшскі закон аб прытулку прадугледжваў, што абарона не даецца чалавеку, адносна якога існуюць важкія падставы меркаваць, што да прыезду ён учыніў сур’ёзнае непалітычнае злачынства па-за Чэхіяй.

Такая норма вынікала і з Канвенцыі ААН аб статусе ўцекачоў. Пры гэтым не кожная судзімасць аўтаматычна закрывае шлях да прытулку: улады павінны ацэньваць характар і цяжкасць злачынства, абставіны справы і ролю самога чалавека.

Чаму Чэхія прымала беларусаў

У сярэдзіне 2000‑х палітычны прытулак быў для беларусаў адным са спосабаў легалізавацца ў Еўрасаюзе. У эміграцыйным асяроддзі такіх людзей іранічна называлі «упырхлікамі» — ад чэшскага uprchlík, «уцякач». Далёка не за кожнай заявай стаяў рэальны палітычны пераслед: некаторыя падладжвалі біяграфію пад патрэбную гісторыю, каб замацавацца ў краіне.

Да беларусаў Чэхія сапраўды ставілася больш спрыяльна, чым да большасці іншых заяўнікаў. У 2006 годзе, калі туды прыехаў Францкевіч, прытулак атрымалі 66 грамадзян Беларусі — амаль чвэрць усіх 268 чалавек, якім Чэхія надала абарону ў тым годзе. Беларусы падалі 174 заявы і занялі першае месца паводле колькасці станоўчых рашэнняў.

Прага. Фота: vecteezy.com

З 1990 года да сярэдзіны 2007‑га па прытулак звярнуліся 2024 беларусы, 286 яго атрымалі. Такім чынам, станоўчымі былі каля 14% заяў — пры агульным паказчыку для замежнікаў у 3,8%. Паводле даследавання Карлавага ўніверсітэта, беларусы займалі чацвёртае месца сярод нацыянальных груп паводле колькасці выдадзеных прытулкаў. Чэшскія ўлады ўлічвалі ўзмацненне рэпрэсій у Беларусі напярэдадні і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. У афіцыйным чэшскім аглядзе за 2005 год адзначалася, што прытулак на падставе пераследу найчасцей атрымлівалі менавіта грамадзяне Беларусі, а таксама Узбекістана.

У выпадку Францкевіча мы не знайшлі нават мінімальнага публічнага следу палітычнага пераследу. Першы палітычны эпізод, які нам удалося пацвердзіць у біяграфіі Францкевіча, адбываецца ўжо не ў Беларусі, а ў Чэхіі — праз некалькі гадоў пасля атрымання прытулку. Менавіта там чалавек з крымінальным мінулым і без бачнага апазіцыйнага досведу пачне ператварацца ў беларускага грамадскага актывіста. А разам з палітыкай у яго жыцці з’явіцца яшчэ адзін занятак — рэгістрацыя арганізацый і рашэнне пытанняў з легалізацыяй іншых людзей.

Як у Чэхіі Францкевіч атрымаў бізнэс, арганізацыю і палітычную біяграфію

Чэшская легалізацыя дала Аляксею Францкевічу тое, чаго не ставала шматлікім іншым выхадцам з постсавецкіх краін: законнае права жыць у Еўрасаюзе, афіцыйны адрас і магчымасць рэгістраваць на сябе кампаніі. 

Беларус Чэхіі, які жыве там ад пачатку стагоддзя і перасякаўся з Францкевічам, расказаў «Нашай Ніве», што той зарабляў у Чэхіі, адкрываючы бізнэсы і прадаючы іх.

Такіх людзей часам называюць «адкрывашкамі». Ён рэгіструе на сябе кампаніі, афармляе неабходныя дакументы, а пасля прадае ўжо гатовую юрыдычную асобу сапраўднаму заказчыку. Сам па сабе продаж так званых ready-made, або «палічных», кампаній у Чэхіі не забаронены. Гэта асобны рынак паслуг: кліенту не трэба чакаць рэгістрацыю, шукаць юрыдычны адрас і праходзіць пачатковую бюракратыю. Ён плаціць і атрымлівае ўжо створаную фірму, прыдатную для вядзення бізнэсу.

Аднак такая мадэль мае і шэрую частку. Асабліва калі кліентам патрэбная не столькі кампанія, колькі чалавек з легальным статусам, на якога яе можна спачатку аформіць. Калі схема працуе правільна, праз некалькі гадоў знайсці першапачатковага рэгістратара па назве кампаніі ўжо немагчыма: у рэестры ўжо пазначаныя іншыя ўласнікі і дырэктары.

Чэшскі беларус кажа, што гэта доўгі час прыносіла Францкевічу асноўны даход. Фактычна яго чэшскі статус ператварыўся ў камерцыйны рэсурс. Для чалавека без легалізацыі адкрыць кампанію, атрымаць адрас, разабрацца з банкам і бухгалтэрыяй было складана. Францкевіч ужо меў неабходныя дакументы і мог прапанаваць увесь пакет.

Францкевіч, па словах нашага суразмоўцы, таксама браўся за пытанні, звязаныя з легалізацыяй замежнікаў і атрыманнем чэшскіх пасведчанняў на жыхарства. У такіх схемах кампанія магла быць інструментам. Фірма стварала фармальную падставу для бізнэс-дзейнасці, працаўладкавання або афармлення дакументаў. 

Палітычная біяграфія Францкевіча таксама з’явіцца ўжо ў Чэхіі.

Asociace pro modernizaci на вуліцы Revoluční

У сакавіку 2011 года ў Чэхію прыехаў былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч. У адрозненне ад Францкевіча ў Міхалевіча была відавочная прычына прасіць абароны: пасля выбараў 2010 года яго арыштавалі па справе аб масавых беспарадках, а пасля вызвалення ён расказаў пра катаванні ў СІЗА КДБ. Неўзабаве Чэхія надала яму палітычны прытулак.

Праз сем месяцаў, 24 кастрычніка 2011 года, у Празе была зарэгістраваная Asociace pro modernizaci — «Асацыяцыя за мадэрнізацыю». Звесткі пра арганізацыю захаваліся ў чэшскім рэестры юрыдычных асоб.

Супрацоўніцтва Францкевіча з Міхалевічам пачалося амаль адразу пасля пераезду Міхалевіча ў Прагу. Асацыяцыя была створаная ў кастрычніку 2011-га, а ўжо ў 2012 годзе абодва рэпрэзентавалі яе публічна.

У снежні 2012 года Чэшскае радыё называла Міхалевіча старшынёй «Асацыяцыі за мадэрнізацыю». У іншых публікацыях старшынёй або кіраўніком арганізацыі называлі ўжо Францкевіча. Арганізацыя дала яму тое, чаго раней у яго не было: афіцыйны статус беларускага грамадскага і палітычнага дзеяча. Цяпер ён мог выступаць перад журналістамі як арганізатар і кіраўнік зарэгістраванай у Празе беларускай структуры. Гэтая трансфармацыя адбылася прыкладна праз пяць-шэсць гадоў жыцця ў Чэхіі.

Алесь Міхалевіч і Аляксей Францкевіч, 2019 год. Фота: інстаграм Францкевіча

Ад гатовых фірмаў да гатовай палітычнай пляцоўкі

«Асацыяцыя за мадэрнізацыю» не была выключна папяровай арганізацыяй. Яна сапраўды праводзіла акцыі, распаўсюджвала заявы і кантактавала з чэшскімі дзяржаўнымі і грамадскімі структурамі.

У маі 2012 года каля дваццаці беларусаў прыйшлі да будынка Škoda Auto ў Млада-Балеславе. Яны патрабавалі, каб кампанія не падтрымлівала чэмпіянат свету па хакеі 2014 года ў Мінску, бо спонсарства, на іх думку, дапамагала легітымізаваць рэжым Лукашэнкі. Францкевіч выступаў арганізатарам акцыі і перадаў прадстаўнікам кампаніі ліст і петыцыю з пяццю дзясяткамі подпісаў. Пра гэта паведамлялі Česká televize і Český rozhlas.

У лістападзе 2012 года Францкевіч удзельнічаў у сустрэчы прадстаўнікоў шасці беларускіх арганізацый, зарэгістраваных у Чэхіі, з чэшскім МЗС і праваабарончай арганізацыяй People in Need. На сустрэчы абмяркоўвалася ідэя стварэння Беларускага дома ў Празе. Францкевіч прапанаваў правесці 19 снежня вялікую вулічную акцыю на Старамесцкай плошчы — у гадавіну разгону пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. 

У маі 2013 года асацыяцыя абвясціла кампанію «Не пускайце злачынцаў у Еўропу», выступаючы супраць магчымых запрашэнняў Уладзіміра Макея і Аляксандра Лукашэнкі ў краіны ЕС. Францкевіч зноў выступаў ад імя арганізацыі.

Аляксей Францкевіч, 2013 год. Фота: Радыё Свабода

Маштабы гэтай дзейнасці не варта перабольшваць. На акцыі выходзілі дзясяткі чалавек, а не тысячы, пад петыцыяй супраць Škoda было каля пяцідзесяці подпісаў. Аднак для асабістай біяграфіі Францкевіча эфект быў значным. Зарэгістраваная структура давала назву, пасаду, кантакты з медыя і магчымасць прысутнічаць на сустрэчах з чэшскімі чыноўнікамі і міжнароднымі арганізацыямі. Так Францкевіч за некалькі гадоў ператварыўся ў «старшыню асацыяцыі», «грамадскага актывіста» і прадстаўніка беларускай дыяспары.

Менавіта ў чэшскі перыяд у біяграфіі Францкевіча з’яўляецца таксама Вольга Карач і яе арганізацыя «Наш дом». Яны публічна супрацоўнічалі як мінімум з 2012 года.

У лістападзе 2012‑га Карач і Францкевіч удзельнічалі ў сустрэчы шасці беларускіх арганізацый у Празе. Карач прадстаўляла «Наш дом», а Францкевіч — «Асацыяцыю за мадэрнізацыю». Сярод удзельнікаў былі таксама прадстаўнікі чэшскага МЗС і праваабарончай арганізацыі People in Need. На сустрэчы Францкевіч прапанаваў правесці 19 снежня вялікую вулічную акцыю ў гадавіну разгону пратэстаў пасля выбараў 2010 года.

Такая акцыя сапраўды адбылася на Старамесцкай плошчы. На акцыю ў падтрымку беларускіх палітвязняў прыйшло каля дваццаці чалавек.

23 лістапада 2013 года Карач і Францкевіч зноў узялі ўдзел у супольнай нарадзе прадстаўнікоў беларускай эміграцыі. Сустрэча праходзіла праз Skype. Міхалевіч і Францкевіч прадстаўлялі «Асацыяцыю за мадэрнізацыю», Карач — «Наш дом». Удзельнікі абмяркоўвалі каардынацыю інфармавання сусветнай грамадскасці пра сітуацыю ў Беларусі і падрыхтоўку адначасовых акцый у розных краінах. Францкевіч выступаў каардынатарам запланаванай сусветнай акцыі.

Адзначым, што «Наша Ніва» звярталася да Алеся Міхалевіча, каб распытаць пра яго сумесную гісторыю з Францкевічам. Ведаў ён пра яго мінулае ці не ведаў? Што адзначыў для сябе ў выніку камунікацыі з ім? Аднак паразмаўляць з намі Міхалевіч не захацеў.

Чэшская арганізацыя згасала, але была яшчэ патрэбная

«Асацыяцыя за мадэрнізацыю» ў Чэхіі фактычна згарнула сваю беларускую дзейнасць яшчэ ў сярэдзіне 2010-х.

У справаздачы ўрада Чэхіі пра становішча нацыянальных меншасцяў за 2016 год гаварылася, што актыўнасць Asociace pro modernizaci абмяжоўвалася вядзеннем старонкі ў Facebook. У справаздачы за 2017 год асацыяцыя ўжо трапіла ў пералік беларускіх арганізацый, якія не вялі ніякай дзейнасці. Але юрыдычна асацыяцыя працягвала існаваць, і яе назву можна было выкарыстоўваць для ўдзелу ў міжнародных праектах.

«Асацыяцыя за мадэрнізацыю» праіснавала ў рэестры значна даўжэй, чым яе актыўная публічная дзейнасць. Працэс закрыцця арганізацыі пачаўся ў 2024 годзе. Ліквідацыя расцягнулася амаль на два гады: толькі 15 чэрвеня 2026 года асацыяцыю канчаткова выключылі з рэестра.

У 2017 годзе гэтая амаль неактыўная беларуская арганізацыя нечакана выйшла на зусім іншую геаграфію.

З беларускага актывіста — у эксперты па Арменіі

У гэты самы перыяд Францкевіч працягваў выступаць за мяжой ад імя чэшскай «Асацыяцыі за мадэрнізацыю» і раптоўна ператварыўся ў «еўрапейскага эксперта» па Арменіі, Азербайджане і ядзернай бяспецы.

30 мая 2017 года Францкевіч ад імя «Асацыяцыі за мадэрнізацыю» заявіў пра далучэнне да «Грамадзянскай платформы міру паміж Арменіяй і Азербайджанам». Паведамленне распаўсюдзілі пераважна азербайджанскія медыя і прэс-служба самой платформы.

Фармальна ініцыятыва павінна была садзейнічаць мірнаму ўрэгуляванню карабахскага канфлікту і наладжваць дыялог паміж грамадствамі дзвюх краін. На практыцы яе публічныя заявы былі выразна бліжэйшыя да пазіцыі Баку, а інфармацыйнае суправаджэнне забяспечвалі азербайджанскія дзяржаўныя і праўладныя выданні.

У той час Азербайджан шчодра насыпаў нафтавыя даляры ахвотным ствараць пазітыўны імідж краіны.

У кастрычніку 2017 года выданне Haqqin.az прадставіла Францкевіча ўжо не проста як беларускага актывіста, а як «вядомага еўрапейскага эксперта» і старшыню зарэгістраванай у Празе арганізацыі. Ён расказваў пра «місію беларускіх экспертаў» у Арменіі і падрыхтаваную імі справаздачу пра Мецаморскую атамную электрастанцыю. Паводле Францкевіча, удзельнікі місіі не трапілі на саму АЭС, але размаўлялі з мясцовымі жыхарамі і армянскімі экспертамі, распытвалі людзей пра здароўе і на гэтай падставе падрыхтавалі «змястоўны і пераканаўчы» даклад. Артыкул меў характэрны загаловак — «Партызаны Лукашэнкі накрываюць ядзерны аб’ект у Арменіі»

У студзені 2018 года Францкевіча зацвердзілі сябрам Цэнтральнай кантрольна-рэвізійнай камісіі армяна-азербайджанскай «Платформы міру». Пра гэта пісалі 1news.az і іншыя азербайджанскія выданні.

Такім чынам, найбольш заўважная публічная дзейнасць Францкевіча ў 2017—2018 гадах была звязаная не з беларускай палітыкай у Мінску, а з міжнародным праектам, які трансляваў тэзісы, выгадныя аўтарытарнаму рэжыму Ільхама Аліева. Зарэгістраваная ў Празе асацыяцыя, якая ў самой Чэхіі ўжо амаль не працавала, дазваляла яму выступаць у новым статусе — як прадстаўніку еўрапейскай грамадзянскай супольнасці.

Вяртанне без пераследу: чым Францкевіч займаўся ў Беларусі

У публічнай біяграфіі Аляксея Францкевіча вяртанне ў Беларусь гучыць як прынцыповы палітычны крок. Нібыта ён шмат гадоў чакаў, калі рэжым выпусціць палітвязняў, а пасля вызвалення Мікалая Статкевіча вырашыў: умова выкананая, можна ехаць.

22 жніўня 2015 года Аляксандр Лукашэнка памілаваў шасцярых палітвязняў, у тым ліку Міколу Статкевіча. На той момант афіцыйны Мінск спрабаваў аднавіць адносіны з Еўрасаюзам і стварыць уражанне палітычнай адлігі перад прэзідэнцкімі выбарамі.

Алесь Міхалевіч скарыстаўся момантам і зрабіў смелы крок. 8 верасня 2015 года ён сеў у Вільні на цягнік да Мінска. Да беларускай мяжы яго суправаджаў Францкевіч. Пасля перасячэння мяжы Францкевіч заставаўся з Міхалевічам на тэлефоннай сувязі і фактычна стаў яго кантактнай асобай для журналістаў. Па Міхалевіча ў Гудагай прыехалі міліцыянеры з Мінска. Праз некалькі гадзін палітыка адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

З інтэрв'ю Францкевіча можа скласціся ўражанне, што ён таксама паехаў у Беларусь, як толькі з'явілася такая магчымасць. Але ўсё было зусім іначай.

Як вынікае з базы перасячэння межаў Беларусі, першы раз пасля свайго даўняга ад'езду Францкевіч прыехаў толькі ў 2018 годзе — чыгункай з Вільні. Прыезд у Беларусь не прывёў ні да затрымання, ні да забароны пакідаць краіну.

Тады ён пачаў прыязджаць у Беларусь часцей — чатыры разы ў 2019-м. У абсалютнай большасці выпадкаў гэта былі паездкі з Украіны ў Беларусь і назад. 

У Францкевіча быў беларускі пашпарт, але адначасова ён меў чэшскі пастаянны дазвол на жыхарства, які чалавек звычайна атрымлівае пасля пэўнай колькасці пражытых у краіне гадоў.

Таму ён мог фактычна жыць паміж некалькімі краінамі — перадусім Чэхіяй і Украінай, але часам заязджаць і ў Беларусь.

У адкрытых крыніцах не засталося слядоў палітычнай, грамадскай або прадпрымальніцкай дзейнасці Францкевіча ў Беларусі ў 2018-2020. Яго імя не сустракаецца ні ў даступных архівах незалежных СМІ, ні ў праваабарончай хроніцы, ні ў паведамленнях апазіцыйных арганізацый.

Пандэмія вярнула ў Беларусь

Паводле ўласнага аповеду Францкевіча, надаўжэй застацца ў Беларусі ў 2020‑м яго прымусіла не палітыка, а каранавірус.

Чэшскія ўлады ўвялі жорсткія каранцінныя абмежаванні. У Беларусі Лукашэнка адмаўляў сур’ёзнасць пандэміі, не закрываў краіны і раіў лячыцца лазняй, гарэлкай і працай у полі. Францкевіч выбраў Беларусь.

Пазней ён будзе прадстаўляць сябе як актывіста, які пакінуў краіну пасля драматычных падзей 2020 года. Аднак гісторыя перасячэнняў мяжы і тут паказвае іншую карціну.

Францкевіч правёў у Беларусі тры месяцы — з пачатку сакавіка 2020‑га да сярэдзіны чэрвеня 2020-га. У краіне ў той час пачыналася прэзідэнцкая кампанія, але ніякага ўдзелу Францкевіча ў ёй не было відаць. Мы не знайшлі яго сярод сяброў ініцыятыўных груп, арганізатараў пікетаў, незалежных назіральнікаў або прадстаўнікоў штабоў альтэрнатыўных кандыдатаў.

Паводле звестак Belpol, 17 чэрвеня 2020 года Францкевіч выехаў з Беларусі ва Украіну. Мяжу ён перасякаў на прыватным аўтамабілі Volkswagen з украінскімі нумарамі. Наступны зафіксаваны ўезд у Беларусь адбыўся толькі 25 жніўня — з тэрыторыі Польшчы, таксама на аўтамабілі.

Такім чынам, у Беларусі Францкевіча не было 9 жніўня, калі прайшлі прэзідэнцкія выбары і пачаліся масавыя затрыманні. Не было яго тут і ў наступныя дні, калі беларусы выходзілі да ізалятара на Акрэсціна, на прадпрыемствах ствараліся стачкамы, а па краіне прайшлі дзве першыя масавыя нядзельныя маніфестацыі — 16 і 23 жніўня.

Францкевіч масава выстаўляў у стужку фэйсбука чужыя фота і відэа з пратэстаў, а таксама чыесьці аматарскія здымкі з пратэстаў у яго родным Маладзечне — магло скласціся ўражанне, што ўласныя, але не.

У Беларусь ён вярнуўся толькі 25 жніўня, праз шаснаццаць дзён пасля выбараў. Яго знаходжанне ў краіне аказалася кароткім. Ужо 31 жніўня Францкевіч зноў выехаў з Беларусі — гэтым разам самалётам у Львоў. Такім чынам, пасля вяртання з Польшчы ён правёў у Беларусі менш за тыдзень.

Пазней Францкевіч расказваў, што рашэнне выехаць прыняў пасля ананімнага папярэджання. «Мне патэлефанавалі і сказалі: у цябе ёсць два дні, таму што цябе ўнясуць у спіс невыязных», — узгадваў ён.

Гэтае тлумачэнне гучыць неймаверна: іншых такіх пацверджаных выпадкаў не было.

Такім чынам, Францкевіч 31 жніўня чарговы раз апынуўся ва Украіне. Пазней ягоны ад’езд будуць апісваць як вымушаную эміграцыю праз рэпрэсіі. Але дакументальна пацвярджаецца толькі яго ўласны аповед пра невядомага, які загадзя папярэдзіў аб «спісе невыязных». У адкрытых крыніцах няма інфармацыі пра заведзеную на той момант крымінальную справу, выклік на допыт, ператрус або адміністрацыйны пратакол у дачыненні да яго.

Усплываюць у памяці аналагічныя выпадкі. Так Анжаліка Мельнікава выехала з Беларусі 3 верасня 2020 года. Разам з мужам яны паехалі ў Кіеў. А Вольга Сямашка, жонка супрацоўніка «Варгеймінга», які мае пашпарт прыкрыцця, — 7 верасня 2020 года, таксама самалётам на Кіеў. І першая, і другая сцвярджалі, што ім пагражалі рэпрэсіі — але няма ніякіх фактаў гэтага.

Застаецца пытанне, якое Францкевіч нідзе не тлумачыць: за што менавіта ўлады нібыта збіраліся зрабіць яго невыязным, калі цягам папярэдніх пяці гадоў ён амаль не праяўляў палітычнай актыўнасці ў Беларусі, а падчас пратэстаў яго наогул не было ў краіне?

Аэрапорт «Мінск-2». Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: airport.by

У Львоў Францкевіч прыехаў ужо з беларускім пашпартам, чэшскім пастаянным дазволам на жыхарства, досведам рэгістрацыі арганізацый і шырокім колам кантактаў. Праз некалькі месяцаў ён узначаліць беларускі крызісны цэнтр ва Украіне.

Львоў: дапамога ўцекачам, сямейны фонд. І людзі са зброяй

Калі Францкевіч прыляцеў ва Украіну, там яго ўжо чакала гатовая юрыдычная асоба. Паводле ўкраінскага рэестра, дабрачынную арганізацыю «Міжнародны валанцёрскі фонд «Наш дом» зарэгістравалі ў Львове яшчэ 17 лютага 2020 года — за паўгода да ад’езду Францкевіча з Беларусі. Сам ён стаў кіраўніком фонду ад моманту рэгістрацыі. Гэта паказвае, што Украіна не была для Францкевіча выпадковым пунктам прызначэння: загадзя існавалі і юрыдычная структура, і людзі, здольныя яе зарэгістраваць, і, відаць, планы на далейшую працу.

Назва львоўскага фонду таксама выглядае невыпадковай. «Наш дом» — гэта назва арганізацыі Вольгі Карач, з якой Францкевіч супрацоўнічаў яшчэ ў чэшскі перыяд. Да моманту рэгістрацыі ўкраінскага фонду яны ведалі адно аднаго не менш за сем гадоў. У старых кантактных звестках львоўскай структуры фігуравала і пошта на дамене арганізацыі Карач.

У студзені 2021 года на базе фонду пачаў працаваць Беларускі крызісны цэнтр. Ён дапамагаў людзям, якія пасля жнівеньскіх пратэстаў выязджалі з Беларусі ва Украіну або выкарыстоўвалі Львоў як транзітны пункт на шляху ў Еўрасаюз.

Францкевіч сцвярджаў, што ўцекачам шукалі жыллё і працу, дапамагалі з дакументамі, гуманітарнымі візамі і легалізацыяй. З яго словаў, па дапамогу звярталіся са Львова, з Кіева, Дняпра, Палтавы, Чарнігава, Польшчы і самой Беларусі.

Пра Францкевіча сталі актыўна пісаць СМІ, у тым ліку і міжнародныя.

Аляксей Францкевіч на старонках Washington Post, 2021 год

Ён сцвярджаў, што цэнтр легалізоўваў нават тых, хто трапіў ва Украіну нелегальна, дапамагаў рабіць гуманітарныя візы і адпраўляцца далей.

У Львове з’явіліся беларуская нядзельная школа і штотыднёвыя акцыі салідарнасці. На Дзень Волі ў 2021 годзе Францкевіч вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на львоўскай ратушы.

Роля Францкевіча ва Украіне засталася нязменнай: ён зноў становіцца пасярэднікам, праз якога праходзяць людзі, дакументы, кантакты з дзяржаўнымі органамі. І адчувальная асабістая інфармацыя.

Аляксей Францкевіч. Фота: Vikna.tv

Жонка ў заснавальніках, дачка ў Львове

Цяпер у рэестры Фонда названыя тры заснавальнікі: грамадзянін Беларусі Аляксей Францкевіч, грамадзянка Украіны Тамара Алегаўна Францкевіч і грамадзянка Таджыкістана Кацярына Шозіёўна Назаршоева. Гісторыя змяненняў у рэестры паказвае, што раней сярод заснавальнікаў была Тамара Алегаўна Зазук, якую пазней замяніла Тамара Алегаўна Францкевіч. Гэта можа сведчыць пра змену прозвішча пасля шлюбу з Аляксеем Францкевічам.

У пары ёсць малая дачка. У інтэрв’ю, апублікаваным у верасні 2024 года, Францкевіч расказваў, што дзяўчынцы тры гады. Жонка і дзіця заставаліся з ім у Львове. Толькі ў перыяд, калі ў горадзе зніклі святло і ацяпленне, ён ненадоўга вывез іх у больш бяспечнае месца, пасля чаго сям’я вярнулася.

Грамадзянка Таджыкістана Кацярына Назаршоева ў гэтай структуры застаецца амаль непублічнай асобай. У адкрытых базах яе імя звязана пераважна з гэтым фондам.

Ад «Нашага дому» да «Вільнай Беларусі»

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны профіль фонду змяніўся. Ён пачаў дапамагаць украінскім перасяленцам, вайсковым часцям і беларускім добраахвотнікам.

31 кастрычніка 2022 года «Міжнародны валанцёрскі фонд «Наш дом» афіцыйна перайменавалі ў дабрачынны фонд «Вільна Білорусь». Юрыдычная асоба і яе код засталіся тымі самымі.

Фонд перадаваў медыкаменты і абсталяванне Збройным сілам Украіны, дапамагаў сем’ям загінулых беларускіх добраахвотнікаў. У 2023 годзе на яго базе абвясцілі пра стварэнне яшчэ адной структуры з гучнай назвай — Беларускага цэнтра нацыянальнай памяці. Цэнтр збіраўся супрацоўнічаць з Украінскім інстытутам нацыянальнай памяці і ўніверсітэтамі, даследаваць удзел беларусаў у абароне Украіны і падтрымліваць сем’і добраахвотнікаў.

У верасні 2024 года на вуліцы Клепароўскай у Львове адкрыўся Беларускі дом. У ім размясцілі музей і выставу «Вільна Білорусь з Україною в серці» — 24 стэнды з гісторыямі беларусаў, якія загінулі, абараняючы Украіну. 

Францкевіч лабіраваў перайменаванне ўкраінскіх вуліц у гонар загінулых беларусаў і ініцыяваў петыцыю аб прысваенні звання Героя Украіны добраахвотніку Дзмітрыю Рубашэўскаму. Выставу пра беларускіх ваяроў вазілі па ўкраінскіх гарадах.

Вуліца, якую назавуць імем беларускага добраахвотніка. Справа — Аляксей Францкевіч. Фота: фонд «Вільна Білорусь»

Адначасова з дзейнасцю ўкраінскага фонду Францкевіч стварыў яшчэ адну арганізацыю — гэтым разам у Чэхіі. 

«Бог беражы Украіну»: арганізацыя з нулявымі даходамі і выдаткамі

15 снежня 2022 года ў Празе прайшоў устаноўчы сход аб’яднання Bůh ochraňuj Ukrajinu z.s. — «Бог беражы Украіну». У сходзе ўдзельнічалі тры чалавекі: Аляксей Францкевіч, Ілона Зазук (такое ж прозвішча, як у жонкі Францкевіча) і Тамара Францкевіч. Усе трое ўвайшлі ў праўленне, а Францкевіча абралі старшынёй. Арганізацыю афіцыйна зарэгістравалі 12 студзеня 2023 года ў пражскім гарадскім судзе. Францкевіч атрымаў права аднаасобна прадстаўляць яе, браць ад яе імя юрыдычныя абавязацельствы і падпісваць дакументы. Ён жа павінен быў адкрыць банкаўскі рахунак і самастойна ім распараджацца.

Заяўленыя мэты выглядалі маштабна. Арганізацыя збіралася аб’ядноўваць людзей, якія дапамагаюць дзецям, дарослым, пажылым і іншым пацярпелым ад расійскай агрэсіі. У статуце гаварылася пра збор і размеркаванне рэсурсаў, сацыяльную рэабілітацыю ахвяр вайны, міжнароднае супрацоўніцтва і кансультацыйную дзейнасць.

Гучная назва і гуманітарныя мэты засталіся на паперы. У фінансавай справаздачы «Бог беражы Украіну» за 2023 год няма ніводнай кроны ахвяраванняў, сяброўскіх унёскаў або выдаткаў на дапамогу пацярпелым ад вайны. Нулявымі пазначаныя грошы ў касе і на банкаўскіх рахунках. За наступныя два гады справаздач у чэшскім рэестры няма, а па-за ім арганізацыя амаль не пакінула публічнага следу. Таму па адкрытых дакументах немагчыма пацвердзіць, што яна ўвогуле ажыццяўляла заяўленую гуманітарную дзейнасць.

Юрыдычным адрасам арганізацыі пазначаны дом на Legerova 356/48 у Празе. Гэта адрас масавай рэгістрацыі: цяпер там маюць юрыдычнае месца знаходжання больш за тры дзясяткі кампаній і арганізацый, а раней былі зарэгістраваныя яшчэ некалькі дзясяткаў. 

Чэшскім аб’яднаннем пералік новых структур Францкевіча не скончыўся. 29 красавіка 2025 года ён зарэгістраваў ва Украіне яшчэ адну юрыдычную асобу — грамадскі саюз «Беларуская супольнасць Украіны». Яго адрас супадае з адрасам Беларускага дома ў Львове.

Бюджэт «Вольнай Беларусі» мізэрны

Паводле OpenDataBot, у 2023 годзе даход «Вольнай Беларусі» склаў 33400 грыўняў, у 2024‑м — 21700, у 2025‑м — 17900 — гэта значыць каля $400. Колькасць афіцыйных супрацоўнікаў ва ўсе гэтыя гады — нуль. Актывы фонду скараціліся з 31100 грыўняў да 3700.

Арганізацыя паведамляла пра пастаўкі вайскоўцам, падтрымку дзясяткаў сем’яў, дапамогу ўцекачам, выставы ў розных гарадах і ўласную пляцоўку ў цэнтры Львова. Гэтыя паказчыкі не абавязкова адлюстроўваюць поўны аб’ём дапамогі: медыкаменты і рыштунак маглі паступаць у натуральнай форме, а асобныя выдаткі маглі аплачваць партнёры наўпрост. 

Факт, што афіцыйны гадавы даход памерам некалькіх соцень долараў выглядае надзвычай малым. 

Мяркуючы па фота ў канале «Вільна Білорусь», Францкевіч нямала ездзіць па Украіне.

Аляксей Францкевіч у Роўне. Фота з тэлеграм-канала @belaruscentrlviv

Аляксей Францкевіч злева. Фота з тэлеграм-канала @belaruscentrlviv

Форум Балкунца: у адной радзе з Карач і Цапкалам

Адначасова з украінскай валанцёрскай дзейнасцю Францкевіч увайшоў у адкрытую палітыку.

У 2022 годзе ён далучыўся да Форуму дэмакратычных сіл, які збіраўся вакол палітолага Дзмітрыя Балкунца, Вольгі Карач, Веранікі і Валерыя Цапкалаў. На другім форуме ў Берліне Францкевіча абралі ў часовую Нацыянальную раду аб’яднаных дэмакратычных сіл.

Яго імя стаіць у выніковай рэзалюцыі форуму побач з імёнамі Балкунца, Карач і Веранікі Цапкала. Форум прапаноўваў стварыць уласную Нацыянальную раду і правесці выбары ў альтэрнатыўны беларускі парламент. 

Так Францкевіч апынуўся ў палітычным праекце, які пазіцыянаваўся як альтэрнатыва асноўным структурам беларускай дэмакратычнай апазіцыі. Яго публічныя прэтэнзіі да Офіса Ціханоўскай цалкам адпавядалі лініі гэтага асяроддзя.

Дапамога «Тэрору»

Яшчэ адзін кірунак дзейнасці Францкевіча — дапамога беларускаму падраздзяленню «Тэрор».

«Тэрор» узнік у складзе палка Каліноўскага і атрымаў назву ў гонар Змітра Апанасовіча, які загінуў пасля ранення ў баях за Ірпень. «Тэрор» быў ягоным пазыўным. У жніўні 2022 года, пасля звальнення камандзіра з пазыўным «Вараг», частка байцоў выйшла з палка і захавала назву падраздзялення. У снежні таго ж года «Тэрор» увайшоў у Беларускі добраахвотніцкі корпус.

Львоўская структура Францкевіча адкрыта падтрымлівала «Тэрор» пасля выхаду таго з Палка Каліноўскага.

Паводле захаваных паведамленняў тэлеграм-канала, восенню 2022 года фонд перадаваў падраздзяленню тактычныя аптэчкі, перавязачныя матэрыялы, турнікеты, тактычныя навушнікі, акопныя свечкі і палявы душ. Пазней на сайце праекта з’явілася асобная публікацыя пра перадачу турнікетаў байцам «Тэрора».

Але праз два гады назва «Тэрор» з’явілася ўжо ў матэрыялах польскай справы пра дыверсіі ў Польшчы на карысць замежнай разведкі.

У маі 2024 года польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі затрымала Каміля К. па мянушцы «Корэк», беларусаў Андрэя Б. і Сцяпана К. Паводле расследавання Gazeta Wyborcza, якое пераказвала InfoSecurity24, у 2022 годзе ўсе трое служылі ў беларускім падраздзяленні «Тэрор».

У жніўні 2025 года Нацыянальная пракуратура Польшчы перадала ў суд справу шасці чалавек. Сярод іншага, пракуратура інкрымінуе Камілю, Андрэю і Сцяпану падпал рэстарана ў Гдыні, спробу падпалу склада ў Гданьску і падпал пляцоўкі з паддонамі ў Марках. Два апошнія эпізоды абвінавачанне называе дыверсіямі на замову замежнай разведкі. Каміль прызнаў выстаўленыя абвінавачанні. Андрэй прызнаў іх часткова. Сцяпан віны не прызнаў.

Адзін з нашых суразмоўцаў лічыць, што падтрымка падраздзялення магла паўплываць на рашэнне Польшчы забараніць Францкевічу ўезд у краіну. Для польскіх службаў чалавек, які меў кантакты з закрытым вайсковым асяроддзем, перадаваў яму дапамогу, а пасля апынуўся звязаны яшчэ і з палітычным форумам, удзельнікаў якога маглі правяраць на замежныя ўплывы, выглядае як мінімум аб’ектам для паглыбленай праверкі.

Тым больш што ўся біяграфія Францкевіча складаецца з пераходаў паміж асяроддзямі з адчувальнай інфармацыяй: мігранты, палітычныя ўцекачы, апазіцыйныя арганізацыі, сем’і загінулых, беларускія добраахвотнікі і вайсковыя падраздзяленні УСУ, да якіх яны належаць. Апошняе — асабліва далікатная матэрыя. 

Нельга сцвярджаць, што Францкевіч увогуле не трапляў у поле зроку беларускіх і расійскіх сілавікоў. У снежні 2023 года ў ягоным жыллі ў Беларусі правялі ператрус, а ў 2024‑м ягоныя звесткі з’явіліся ў расійскай базе вышуку.

З аднаго боку, гэта можа сведчыць пра рэальную цікавасць рэпрэсіўных органаў да Францкевіча, але ўжо пасля пачатку ягонай дзейнасці ва Украіне.

З другога боку, гэта далёка не алібі, бо існуюць выпадкі, калі спецслужбы Беларусі заводзілі крымінальныя справы супраць эмігрантаў, каб стварыць для іх «алібі». Самы яскравы прыклад, які ўжо прагучаў, быў акурат-такі звязаны з уцякачкай з Беларусі ў тую самую Чэхію. Чэшскія ўлады прыйшлі да падазрэнняў, што Вольга Судлянкова, якая атрымала прытулак як ахвяра палітычных рэпрэсій, шмат гадоў працавала на ГРУ. Яна ў выніку выехала ў Маскву.

Што адказаў нам сам Францкевіч

«Наша Ніва» некалькі разоў прасіла Аляксея Францкевіча адказаць на пытанні да яго біяграфіі, якія ў нас узніклі, але ён адмовіўся.

«Я вас не ведаю і не разумею, якую вы мэту пераследуеце, — адказаў ён журналісту. — Для людзей, якія мяне ведаюць і знаходзяцца побач са мной, ніякіх «белых плям» у маёй біяграфіі няма — яны ведаюць мяне, маю дзейнасць і маю пазіцыю». 

«Наша Ніва», аднак, гатовая даць слова спадару Францкевічу, калі ён вырашыць усё ж пагаварыць з намі.

Лепш менш, ды лепш

Якія вывады можна зрабіць? Эпізоды біяграфіі Аляксея Францкевіча складаюцца ў дзіўнаватую карціну.

Ці можа быць, што чалавек у мінулым нарабіў нямала, скажам так, памылак і неадназначых учынкаў, але пасля пераасэнсаваў жыццё і заняўся дабрачыннай справай? Можа быць і такое.

Але калі і так, то ты павінен сумленна і шчыра расказаць пра сваё мінулае. Грамадская дзейнасць патрабуе разумнай празрыстасці.

Калі ж чалавек замоўчвае мінулае і працягвае ствараць сабе непраўдзівую біяграфію, такі чалавек не мае маральнага права прэтэндаваць на лідарства ці прадстаўніцтва ў апазіцыйных структурах — а ён прэтэндуе.

І, як і ў гісторыях з Анжалікай Мельнікавай і Вольгай Сямашка, лідары структур беларускай апазіцыі і грамадзянскага супольнасці недастатковую ўвагу звяртаюць на праверку людзей, з якімі маюць справу. Прычым гаворка не пра нейкую там складаную працу, а пра звычайны збор «аб'ектыўкі» пра чалавека. Не давяраць слепа таму, што ён кажа пра сябе сам, а глядзець у базы даных і распытваць іншых людзей пра яго.

Калі чытаеш біяграфію Францкевіча, здзіўляе не тое, што спецслужбы Польшчы забаранілі яму ўезд у краіну, а тое, што чалавека з крымінальнымі судзімасцямі і суцэльна шэрымі плямамі ў біяграфіі ў мінулым запрашаюць на мерапрыемствы кшталту канферэнцыі «Новая Беларусь». Мусіць, лепш хай бы на такіх канферэнцыях было менш людзей, але не было выпадковых людзей. Тое, што нехта гучна патрабуе, каб з ім уступілі ў дыялог, хутчэй падстава задумацца, чым клікаць яго на размову.

Схожие новости

#Наименование новостиТональностьИнформативностьДата публикации
1Украина и Польша уведомили Белоруссию об ограничениях пересечения своих границ0014-03-2020
2Премьер Польши назвал категории иностранцев с правом въезда в страну после закрытия границ0014-03-2020
3В Польше заявили, что движение на границе с Белоруссией осуществляется в нормальном режиме0017-09-2020
4Польша закрывает границу с Белоруссией на неопределенный срок0011-09-2025
5Польша запретила въезд в страну экс-главе Гагаузии Ирине Влах0025-09-2025
6Белоруссия не видит причин для закрытия Польшей пункта пропуска "Кузница Белостокская"0008-11-2021
7Лукашенко обвинил польских силовиков в нарушении госграницы во время стычек с мигрантами0019-11-2021
8Польша оставила границы закрытыми до 26 апреля0009-04-2020
9Польша запретит Додику въезд на свою территорию0013-05-2025
10Алексіевіч пра Алеся Адамовіча: Хацела б спытаць яго, чаму так і не наступіў «Канец гісторыі» Фукуямы?01021-08-2026

Классификация: Информация. Схожих патентов: 0. Схожих новостей: 10. Тональность: 0. Информативность: 18.33. Источник: nashaniva.com.