Выхад 24‑серыйнага «Слова афіцэра» запланаваны ў сакавіку 2027 года.
Сёння ў Дзяржынскім раёне прыступілі да здымак прапагандысцкага серыяла «Слова афіцэра». Як расказалі на «Беларусьфільме», шматсерыйны фільм раскажа пра дынастыю міліцыянераў Уладзіміравых.

Фота «Беларусьфільма».
«Клятва аднаго пакалення становіцца часткай лёсу наступнага. Сын, унук, праўнук — яны не толькі наследуюць прафесію, але і носяць у сабе тую ж вернасць слову, што і іх продкі. Клятва становіцца чымсьці кшталту «сямейнага кодэкса гонару», — гаворыцца ў прэс-рэлізе нацыянальнай кінастудыі.
Здымкі серыяла пра беларускую міліцыю анансаваў яшчэ ў сакавіку міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. Паводле яго слоў, на выхадзе павінен атрымацца 24‑серыйны фільм, які будзе выходзіць цягам трох сезонаў.

Істотная частка сцэнарыя, які, паводле слоў Кубракова, прабіў яго на слязу, прысвечаная падзеям 2020 года і выкліканым імі праблемам у сем'ях сілавікоў.

Прэм'ера «Слова афіцэра» запланаваная на 4 сакавіка 2027 года — у дзень 110‑годдзя беларускай міліцыі.

