У сярэдзіне XVIII стагоддзя Геранім Фларыян Радзівіл вырашыў пабудаваць на возеры замак і размясціць вакол яго сапраўдны флот. Летась падводныя археолагі адшукалі рэшткі гэтай мураванай рэзідэнцыі і драўляных збудаванняў, пацвердзіўшы, што капрыз магната не быў гістарычным анекдотам.

Геранім Фларыян Радзівіл і яго «Князьмор». Калаж: «Наша Ніва»
Пра гэта паведамляецца ў тэзісах дакладаў на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі па выніках археалагічных даследаванняў у 2025 годзе, што распачала працу ў Нясвіжы.
Паводле вынікаў даследаванняў, праведзеных у 2025 годзе дайвінг-цэнтрам «Марскі Пегас» і Інстытутам гісторыі пад кіраўніцтвам Андрэя Ліхачова, на дне возера Чырвонае ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці, якое гістарычна насіла назву Жыд-возера (а сам горад даўней называўся Жыдкавічы), выяўлена падводнае ўзвышша дыяметрам 30—35 метраў.

Князь-возера са спадарожнікавага здымка. Фота: Wikimedia Commons
Там заўважылі прамавугольныя драўляныя канструкцыі і асобныя бярвенні. Вада таксама захавала кераміку і фрагменты буйнафарматнай чырвонай цэглы з прымешкамі буйной дрэсвы і шамоту. Каб вызначыць узрост аб'екта, навукоўцы паднялі на паверхню частку бервяна. На яго тарцы захаваўся складаны тэхналагічны вузел — замок «на шыпах», адзін з якіх меў выгляд літары «Г». Спецыялісты адзначаюць, што такі спосаб рубкі вядомы з XVI стагоддзя і фіксуецца ў першую чаргу ў гаспадарчых пабудовах. Праведзены дэндрахраналагічны аналіз пацвердзіў, што дрэва належыць да XVIII стагоддзя.
Гэтая дата выводзіць даследчыкаў на фігуру Гераніма Фларыяна Радзівіла. Уладальнік велізарных маёнткаў утрымліваў прыватнае войска з шасці тысяч чалавек, супастаўнае па колькасці з арміяй усяго Вялікага Княства Літоўскага. Князь таксама быў вядомы вялікай прагай да мастацтва: ён заснаваў тэатры ў Слуцку і Белай, стварыў першую ў Рэчы Паспалітай балетную школу, збіраў карцінную галерэю і вялікую бібліятэку.

Князь-возера, сёння — Чырвонае
У 1756 годзе амбіцыі магната выйшлі на новы ўзровень. Ён уласным загадам перайменаваў Жыд-возера ў гучнае «Князьмор». На востраве пачалося ўзвядзенне мураванага замка, якому Радзівіл даў назву «Венецыя». Згодна з дакументальнымі сведчаннямі, план прадугледжваў стварэнне на возеры паўнавартаснага флоту з артылерыяй. Сённяшнія падводныя знаходкі буйнафарматнай цэглы даказваюць, што радзівілаўскі капрыз сапраўды пачаў рэалізоўвацца.
Але час унёс свае карэктывы ў маштабныя планы. У 1760 годзе саракапяцігадовы Геранім Фларыян памёр, не пакінуўшы нашчадкаў ні ў адным са сваіх трох шлюбаў. Усе ўладанні перайшлі да яго брата Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі, якому ваенны флот пасярод Палесся быў зусім не патрэбны.
Назва «Князьмор», відаць, трансфармавалася ў Князь-возера (якое ў 1931 годзе савецкія ўлады перайменавалі ў Чырвонае Палессе), а ад недабудаванай «Венецыі» застаўся толькі пагорак на дне возера.


| # | Наименование новости | Тональность | Информативность | Дата публикации |
|---|---|---|---|---|
| 1 | У Нараўлянскім раёне знайшлі раней невядомую абарончую вежу часоў ВКЛ | 0 | 10 | 01-07-2026 |
| 2 | На гарадзішчы пад Карэлічамі знайшлі рэшткі абарончай сцяны XVI стагоддзя | 0 | 10 | 21-07-2026 |
| 3 | Падчас раскопак у Полацку знайшлі старажытнае графіці і фрагмент галерэі XII стагоддзя | 0 | 10 | 15-08-2026 |
| 4 | В Онежском озере нашли парусник XVIII века с монетами и советский сухогруз | 0 | 10 | 28-07-2026 |
| 5 | На дне Ладожского озера нашли баржу времен Великой Отечественной войны | 0 | 0 | 23-05-2025 |
| 6 | В Лажожском озере нашли обезглавленное тело рыбака | 0 | 8.52 | 07-08-2026 |
| 7 | Новгородские поисковики нашли на дне озера останки погибших в 1941 году красноармейцев | 0 | 0 | 10-06-2019 |
| 8 | Беларускі след знайшлі ў культавым турэцкім серыяле | 0 | 10 | 29-07-2026 |
| 9 | На дне цясніны Курумду ў Кыргызстане знайшлі тры целы | 0 | 10 | 21-08-2026 |