Вход на сайт

Просмотр новости

Найдите то, что Вас интересует

Шэсьць гадоў ад званка да званка. Размова з бубначом пратэстаў Аляксеем Санчуком

Дата публикации: 03-08-2026 15:13:03

Шэсьць гадоў зьняволеньня. Зь іх 9 месяцаў у ШЫЗА і ПКТ. Расстаньне з дачкой, цяжкая хвароба маці. Апавядаем гісторыю легендарнага бубнача Аляксея Санчука, які разам з гуртом «Патрабуем разысьціся» «задаваў рытм» маршам у 2020-м

Основное содержимое страницы с новостью.

«Патрабуем разысьціся»

Аляксей Санчук скончыў Менскі архітэктурна-будаўнічы каледж, прафэсійна займаўся зборкай мэблі. Захапляўся музыкай, але ня быў прафэсійным бубначом, сябраваў з гуртом «Патрабуем разысьціся». У 2020-м гэты гурт стаў своеасаблівым сымбалем летніх і восеньскіх пратэстаў. Хлопцы гралі дваровыя канцэрты, «задавалі рытм» на нядзельных маршах.

4 лістапада рэпэтыцыю гурту «Патрабуем разысьціся», якая праходзіла ў гаражы на вуліцы Ціміразева, наведаў ГУБАЗіК. Затрымалі 16 чалавек — ня толькі музыкаў, але і аматараў, якія захапляліся бубнамі, у тым ліку Аляксея Санчука. Камусьці прысудзілі штрафы па 30 базавых велічыняў. А шасьцярых затрыманых асудзілі на «содні».

Пратэсты жніўня 2020 году ў Менску. Архіўнае фота

Пратэсты жніўня 2020 году ў Менску. Архіўнае фота

Санчуку спачатку прызначылі 15 дзён арышту, але пасьля заканчэньня тэрміну на свабоду ён ня выйшаў. 26 лістапада на яго завялі крымінальную справу паводле часткі 1 і 2 артыкулу 342 («арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках»). У лютым 2021 году Аляксею дадалі артыкул 293, часткі 3 («масавыя беспарадкі і іх фінансаваньне») і артыкул 13 («падрыхтоўка да злачынства») Крымінальнага кодэксу. 13 траўня 2021 годц судзьдзя Маскоўскага раёну Тацяна Пірожнікава на запыт пракурора Яўгена Серыкава прысудзіла Аляксею Санчуку 6 гадоў пазбаўленьня волі.

«Не маё грамадзтва»

«На сёньня тэрмін, што цалкам адсядзеў Аляксей, самы доўгі для палітвязьня, які апынуўся на волі», — паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook кіраўнік дабрачыннай ініцыятывы BELAID Андрэй Стрыжак.

На волю Аляксей Санчук выйшаў 6 ліпеня 2026 году.

«Ад званка да званка адседзеў, толькі 75 артыкул (адзін дзень у СІЗА лічыўлася за паўтара) тэрмін на пару месяцаў скараціў. У дзень вызваленьня я стаяў на КПП шклоўскай калёніі №  17 і думаў, што за 6 гадоў я ўжо прызвычаіўся да рэжыму, ведаў, што мяне чакае кожны дзень. А празь некалькі гадзін у мяне будзе зусім іншае жыцьцё, дзе нічога не зразумела. Было крыху страшнавата», — прызнаецца Аляксей.

Аляксей Санчук на судовым працэсе ў 2021 годзе. Архіўнае фота

Аляксей Санчук на судовым працэсе ў 2021 годзе. Архіўнае фота

На праезд дадому былому вязьню ў калёніі далі 2 рублі.За турэмнай брамай яго сустрэла жонка Ганна на машыне. Яны даехалі спачатку да Магілёва, прайшліся па горадзе, потым да Менску.

У Аляксея Санчука было 3 дні поўнай свабоды да пастаноўкі на так званы «прэвэнтыўны нагляд».

«Гэта вельмі жорсткі рэжым. Прэвэнтыўны нагляд — гэта з 22-й да 6-й раніцы неабходна знаходзіцца дома, 4 разы на месяц прыходзіць адзначацца ў пастарунак, забаронена наведваць грамадзкія месцы, рэстарацыі, кавярні, нават крамы з алькаголем. Я ведаю, што немагчыма набыць sim-карту, адкрыць банкаўскі рахунак, таму гэтага я нават не спрабаваў. Трэба было яшчэ ўладкавацца на працу цягам двух тыдняў. За гэтыя тры дні назіранняў мне здалося, што людзі ў Беларусі вельмі памяняліся ў параўнаньні з 2020 годам: гэта ўжо не маё грамадзтва. Карацей, я ўзважыў усе акалічнасьці і вырашыў, што не змагу жыць у такіх умовах. І мы зь сям’ёй зьехалі з краіны», — тлумачыць Аляксей Санчук.

«У 2010 годзе я нічога не зрабіў. У 2020-м ужо ня змог маўчаць»

Чаму выходзіў на акцыі пратэсту? Аляксей кажа, што тая сытуацыя з выбарамі яго вельмі моцна раздражняла.

«Чаму так адбываецца ў маёй краіне? Галасы ня лічацца сумленна, падтасоўваюцца на карысьць улады. У 2010 годзе я бачыў гэта і нічога не зрабіў. У 2020-м ужо ня змог змаўчаць, выходзіў на акцыі. Бачыў, як шмат людзей выходзіла на маршы, і не хацеў заставацца ў баку», — кажа ён.

Аляксей Санчук да арышту ў 2020 годзе. Архіўнае фота

Аляксей Санчук да арышту ў 2020 годзе. Архіўнае фота

На пытаньне, калі б ён ведаў, што тыя выхады на мірныя акцыі пратэсту скончацца шасьцю гадамі зьняволеньня, ці выходзіў бы на пратэсты, Аляксей адказвае, што ўсё адно выйшаў бы, але больш падрыхтаваным.

«Бо мы спачатку выходзілі як на сьвята — шмат народу, мы разам, падтрымліваем адно аднаго, зь песьнямі, танцамі, музыкай — усё гэта было спачатку весела, пакуль не пачаліся актыўныя дзеяньні сілавікоў. Сьвятлашумавыя гранаты кідалі ў натоўп сталых людзей, разганялі маршы пэнсіянэраў. Мне гэта здавалася вар’яцтвам — так абыходзіліся з пажылым людзьмі! Аднак усё адно б выйшаў! А то атрымалася, што рыхтаваліся да наступнага маршу, але недападрыхтаваліся — нас брутальна затрымалі», — узгадвае Санчук.

«Усё прыцягнулі за вушы і ўляпілі 6 гадоў»

На пачатку 2021 году за ўдзел у акцыях пратэсту звычайна давалі яшчэ па 2-3 гады калёніі. Аляксей адзін зь першых атрымаў вельмі вялікі як на тыя часы тэрмін — 6 гадоў. Як успрыняў яго?

«Усе тады казалі, што мы не адседзім такіх тэрмінаў, нас вызваляць раней. Нават мая жонка мяне ў гэтым пераконвала. Але я мяркую, што мне ад пачатку плянавалі даць вялікі тэрмін. Спачатку завялі справу толькі паводле аднаго артыкулу — 342-га. Потым дадалі 293-ы — «фінансаваньне, падрыхтоўка да ўдзелу». Як выявілася, гэта стала самым цяжкім абвінавачваньнем. У знаёмага знайшлі піратэхніку, а мы зь ім шчыльна кантактавалі, я да яго прыяжджаў рабіць чорную труну з надпісамі. Ну і звалілі ўсё да кучы, рэквізыты карткі банкаўскай былі ў нашым чаце, на якую пераводзіліся грошы на фарбы, атрыбутыку… Яшчэ мой знаёмы няўдала сказаў, што куплялася піратэхніка. І атрымалася, што я аплачваў піратэхніку, да якой ніякага дачыненьня ня меў — усё прыцягнулі за вушы і ўляпілі 6 гадоў», — апавядае Аляксей Санчук.

Суд у справе Аляксея Санчука, вясна 2021 году

Суд у справе Аляксея Санчука, вясна 2021 году

У СІЗА ён спачатку сядзеў ў адзіночнай камэры. Узгадвае, як сумна было на Новы год у адзіночцы. Потым падсялілі людзей, але ўсё адно было незразумела, што адбываецца — нібыта жыцьцё спынілася.

«А я чуў, што за сьценамі СІЗА жыцьцё працягвалася: як так? Мяне нібыта вырвалі з жыцьця. Спрабавалі падсяліць ў камэру для людзей зь нізкім сацыяльным статусам. А пасьля гэтага ў калёніі ў мяне былі б праблемы (мне ўжо тады падказалі добрыя людзі, што трэба бегчы з той камэры). Я рабіў усё, каб вырвацца адтуль, абвяшчаў галадоўкі, бо прыняцьцё ежы разам зь імі прыроўнівалася да прысваеньня мне нізкага статусу. Я гэта пераадолеў тады», — узгадвае Аляксей.

Потым была шклоўская калёнія № 17, вядомая сваім жорсткім стаўленьнем да палітычных. Спачатку два тыдні жорсткага карантыну — па 5-6 прыборак камэры ў дзень. За кожную драбязу залічвалі парушэньне, узгадвае былы палітвязень.

«Усяго ў мяне 29 парушэньняў назапасілася, за якія я сумарна адседзеў 9 месяцаў у ШЫЗА і ПКТ, 5 месяцаў у ШЫЗА і 4 — ў ПКТ (ШЫЗА —штрафны ізалятар, ПКТ —памяшканьне камэрнага тыпу. — РС ). Хлопцы з атраду казалі, што я больш часу праводжу ў ізаляцыі, чым у атрадзе», — кажа Аляксей.

На самым пачатку «адседкі» палітычныя яшчэ маглі крыху кантактаваць паміж сабой. Але хутка адміністрацыя калёніі гэтыя кантакты забараніла і жорстка карала 10–15 днямі ШЫЗА.

«Мы былі як пракажоныя. Калі „падымаецца“ чалавек з карантыну ў атрад, яму адразу тлумачаць, што ёсьць людзі з „дзясятым прафулікам“ (10-й катэгорыяй г. зв. прафіляктычнага ўліку. — РС), зь імі нельга кантактаваць, нельга піць разам гарбату, дзяліцца ежай. За кантакты каралі. Прасьцей за ўсё было прычапіцца да вопісу рэчаў. Да прыкладу, у цябе паламалася мыла, і гэта ўжо не адзін кавалак, а два. Пішы тлумачальную, чаму ў цябе мыла больш, чым дазволена. Палітычным было забаронена наведваць стадыён, царкву, а для некаторых гэта было вельмі важна. Нібыта вонкава калёнія і прыгожая, адрамантаваная, але ўнутры гнілая забудова. Харчаваўся там дрэнна, жывот быў запалы, калі выйшаў з ПКТ — выглядаў як шкілет, важыў 60 кг, а да пасадкі — 90. Праўда, выходзіў ужо з вагой 74 кіляграмы», — узгадвае шклоўскую калёнію Аляксей.

Расстаньне з дачкой на 6 гадоў, цяжкая хвароба маці

І ўсё ж найцяжэйшай за кратамі была яго адарванасьць ад сям’і, маленькай дачкі, цяжкая хвароба маці.

Суд у справе Аляксея Санчука. Вясна 2021 году

Суд у справе Аляксея Санчука. Вясна 2021 году

«4 лістапада 2020 года мяне затрымалі, а 13 лістапада — дзень народзінаў дачкі, ёй спаўнялася 8 гадоў. Цяпер ёй 13. Яна фактычна вырасла безь мяне. Я, шчыра кажучы, сам яшчэ не разумею, як зь ёю знайсьці кантакт. Цяжкавата, яна падлетак, складаны ўзрост, пераходны. Спадзяюся, час вылечыць, мы знойдзем паразуменьне. І другое — калі я сядзеў, мая мама захварэла на рак. Я быў у ПКТ і аднаўляў ў памяці ўсё, што раней ведаў, чытаў пра рак. Так атрымалася, што раней я выпадкова чытаў спэцыялізаваную літаратуру пра анкалягічныя хваробы, і гэта раптам спатрэбілася. Я яе падтрымліваў у лістах як мог. Мы з мамай прайшлі гэты нялёгкі шлях. Яна перамагла рак грудзей. Для мяне гэтыя два моманты вельмі цяжкія былі: знаходзячыся ў найстражэйшай ізаляцыі, падтрымліваць маці, якая змагаецца з ракам, і што дачка расьце бяз бацькі. Усё астатняе — побытавыя праблемы, фізычныя — можна перажыць. А вось душэўныя пакуты — гэта цяжка», — шчыра прызнаецца Аляксей.

Сям’і Санчукоў патрэбная падтрымка

Зараз былы палітвязень вызначаецца, чым будзе займацца і зарабляць за мяжой. Музыку кідаць не зьбіраецца.

«Было б няблага атрымаць прафэсійнае навучаньне, разьвівацца і далей. Ня проста барабаніць на маршах, а штосьці больш сур’ёзнае зрабіць для беларускай культуры», — марыць ён.

Сям’я Санчукоў апынулася ў чужой краіне бяз сродкаў існаваньня. Зьехалі з маленькімі заплечнікамі. Усё няпроста са здароўем у самога Аляксея, у ягонай жонкі Ганны дагэтуль панічныя атакі.

Дамагчы сям’і Санчукоў можна пад спасылкай.

Схожие новости

#Наименование новостиТональностьИнформативностьДата публикации
1Тлумачым з Гурневічам. Чаму ўборачную ў Беларусі ператвараюць у цырк08.9506-08-2026
2Вынікі тыдня: Узбэцкія мігранты замест беларускай эліты. Што стаіць за зьнікненьнем брэндаў. Чаму Сабаленка абмінула Лукашэнку 09.5417-07-2026
3«Пастка 2020-га» зрабіла Лукашэнку геапалітычным закладнікам Расеі, — Карбалевіч011.3707-08-2026
4Лукашэнка хавае сьцяг. Wildberries у Беларусі, мэдыкі без адбору. Навіны 20 ліпеня010.8720-07-2026
5Белорусского журналиста Александрова обвинили в государственной измене0030-06-2021
6 Прославившийся роликом с «санкционными» гусями прокурор Бугульмы ушел в отставку 05.6208-08-2026
7Сабаленка ў Менску, Лукашэнка і чырвоныя каровы, хабарнікі на новых пасадах. Навіны 14 ліпеня09.8914-07-2026
8Белорусского блогера Пальчиса приговорили к 13 годам колонии за нарушение правопорядка0017-12-2021
9Экс-журналист президентского пула Белоруссии получил три года колонии за разжигание вражды0023-03-2023

Классификация: Информация. Схожих патентов: 0. Схожих новостей: 9. Тональность: 0. Информативность: 9.45. Источник: www.svaboda.org.