19 ліпеня памерла пісьменьніца Ева Вежнавец (Сьвятлана Курс). У свой час яна працавала на Радыё Свабода, а пазьней ня раз удзельнічала ў перадачах. Вось яе некаторыя выказваньні ў розныя гады.
— Мне зусім ня пішацца, таму я так мала напісала. Пішу, пераломваючы сябе праз калена. Найменш траўматычна пішацца на кухні пры збанку кавы. Па-мойму, я ўвогуле не пісьменьніца.
Пра сваю працу з пажылымі людзьмі ў Варшаве, чыёй апякункай яна стала ў часе пандэміі каранавірусу (травень 2020)— Як пісьменьніцы мне гэта дало вельмі шмат. Па-першае, разгрузіла мяне ад страхаў. Калі ты ідзеш на сустрэчу з сваім найвялікшым страхам, то перастаеш баяцца. У старасьці і сьмерці няма нічога непераадольнага, таму што іх можна разьбіць на кавалкі і задачы, і кожную вырашаць. Ва ўсіх ёсьць рытуалы — адны кураць, другія п’юць каву, трэція ядуць пірагі з гарбатай. Наколькі тваё цела слабае, гэта няважна, яны ўсё роўна выконваюць гэтыя рытуалы і жывуць.
Мне забаўна чытаць у Фэйсбуку, калі маладыя людзі пішуць, што я б сябе лепш забіў, толькі б ня быў такім бездапаможным. Але старасьць не прыходзіць раптоўна. Старасьць прыходзіць, як зіма. Тэмпэратура ўвесь час зьніжаецца, ты ўвесь час мяняесься, і ты думаеш, што вось сябе забʼеш, але на самой справе ты сябе не забʼеш, таму што ты вельмі будзеш хацець жыць.
Пра беларускія пратэсты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў (жнівень 2021)— Беларусы праз агромністую, крывавую працу і трагедыю набываюць сваю ўласную гісторыю, годную іх, беларусаў. Гісторыю, дзе яны не гарматнае мяса для ваколічных імпэрыяў, а змагары, будаўнікі свайго лёсу, дому і тоеснасьці. За гэта даводзіцца вельмі дорага плаціць.
Часам ёсьць паняверка і ўражаньне, што мы выконваем сызыфаву працу. Гэта ня так. Калі зірнуць на гісторыю паўстаньня іншых эўрапейскіх нацыяў, мы ўбачым тое ж самае.
Пра ролю жанчын у беларускім грамадзтве— Жаночыя заслугі прызнаюцца толькі тады, калі яны ў некалькі разоў перасягаюць аналягічныя заслугі мужчын. Я зараз не пра сябе гавару, не пра сваю прэмію, я гавару пра тэндэнцыю. Як сказала нейкая фэміністка, жанчыне трэба ў 10 разоў болей зрабіць, каб дасягнуць таго ж самага, што мужчына на яе ўзроўні.
З другога боку, я даўно адчувала, што адыходзяць гэтыя патрыярхатныя каштоўнасьці, увесь гэты мачызм, калі ёсьць пахан, павіян, які ўсімі камандуе, усіх гвалціць і раздае заданьні, а ёсьць ягоныя пахолкі і слугі, а ёсьць яшчэ найніжэйшы ўзровень — жанчыны, якія проста рэсурс. Гэты патрыярхат сваё аджыў. Мы ўвесь гэты павіянавы статак маем у выглядзе нашага рэжыму, дзе ёсьць нібыта мача, ёсьць ягоныя пахолкі і ёсьць тыя, каго яны жаруць (рэсурс), і гэта ўжо больш не працуе. Гэта неэфэктыўна, немагчыма без істотнай, мэтаскіраванай падтрымкі звонку.
Гэта толькі пытаньне часу. Я ўпэўненая, што ў нас у краіне будзе так, як цяпер у Скандынавіі. Нядаўна бачыла карцінку зь Фінляндыі, дзе чатыры галоўныя міністры — маладыя 30-гадовыя жанчыны з найвышэйшай адукацыяй, прыгожыя, пры гэтым выглядаюць ня фіфамі, а нармальнымі, хатнімі дзяўчатамі, нармальнымі людзьмі; яны інтэграваныя ў працэс, якім кіруюць, — у эканоміку, адукацыю, мэдыцыну і ўрэшце ў сілавыя структуры. І мне гэта надае крылаў, я веру, што ўсё будзе добра.
Пра стаўленьне да Расеі і расейскай культуры (сакавік 2022)— Мне тут успамінаецца біблейская прыпавесьць, што горад уратуецца, калі ў ім ёсьць хаця б два праведнікі. Але гэтае правіла для Бога. Для чалавека гэтага правіла няма. У чалавека ёсьць права на поўнае адпрэчваньне, поўную нянавісьць. Калі ён гэтую нянавісьць кантралюе, не жадае ісьці на Расею з напалмам, але жадае справядлівасьці, жадае адвярнуцца ад гэтай краіны, гэтай культуры і гэтага народу. У мяне такое права ёсьць. І я думаю, што я ад іх адвярнулася назаўжды.
Калі я бачу, што яны вытвараюць з Марыюпалем. Тыя людзі, што ў разбомбленым тэатры, яны ўсё яшчэ пад заваламі. І расейцы не дазваляюць выкапаць іх адтуль. Вы сабе ўяўляеце, як гэта, паміраць у абдымках сваёй мёртвай маці, як 6-гадовая Таня некалькі дзён памірала ў абдымках трупа сваёй маці? Вось гэтага я дараваць не магу і не зьбіраюся.
Пра тое, што на цырымоніі ў Варшаве з нагоды 160-годзьдзя пачатку паўстаньня 1863 году не згадалі беларусаў (студзень 2023)— Я глыбока расчараваная і абражаная тым, што ўчора нашаму народу не далі слова сказаць і вянок пакласьці на сьвяткаваньні 160-годзьдзя нашага агульнага паўстаньня. Нібыта наша слова, наша кроў і наша сьмерць нічога ня вартыя.
Гэта было зроблена, я падазраю, на запыт украінскай дзяржавы. Я разумею іх горыч і боль. Але не прымаю і не прыму таго, што нам, нашчадкам Яські, гаспадара з-пад Вільні, адмаўляюць у гонары.
Таму што ў турмах і магілах і цяпер дзясяткі тысяч нашых змагароў. А іншыя ў туляньні, бяздом’і, паняверцы, адрэзаныя ад Бацькаўшчыны і сям’і, ад сваіх бацькоў старых, якіх ня могуць дагледзець і пахаваць.
Але ведаеце што? Мы і гэта зьнясем з годнасьцю і стойкасьцю, бо мы разумныя, гордыя і стойкія, закаханыя ў свой край і ў агульную чалавечнасьць. І мы можам дзяліць волас начацьвёра.
Я ганаруся ня тым, што нарадзілася беларускай — бо мы таго не выбіраем — а тым, што я сто тысяч разоў выберу ёй быць.
Жыве Беларусь. Памятайма нашых герояў і гераінь.
Пра палёт у космас беларускі Марыі Васілеўскай (красавік 2024)— Мы зараз знаходзімся пад падвойнай акупацыяй — рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і Расеі. І расейцы нам, як сваім «меншым братам», хочуць зрабіць ласку і выпраўляюць нашу дзяўчыну ў космас. І тут мы выбіраем — ганарыцца гэтым ці не ганарыцца. Я выбіраю — ганарыцца. Але не забываю, што гэта панская ласка з панскага пляча. Яны забралі ў нас свабоду, магчымасьць разьвівацца. Замест гэтага далі два тыдні ў космасе адной прадстаўніцы беларускага народу. А ў гэты час сотні і тысячы жанчын сядзяць у маленькіх камэрах, — халодныя, галодныя, бяз сродкаў гігіены, прыніжаныя. І мне гэты «абмен» не падабаецца.
Пра прыход Лукашэнкі да ўлады ў 1994 годзе (жнівень 2024)— Для мяне гэта была чаканая катастрофа. Я тады была ў БНФ, мы займаліся нізавой палітычнай дзейнасьцю, разносілі ўлёткі, працавалі ў якасьці даверанай асобы Зянона Пазьняка, хадзілі па хатах. Мы бачылі настроі грамадзтва. Гэта тое самае, калі на цябе нясецца цягнік альбо цячэ цунамі. Тады ў чалавека замаруджваецца рэакцыя, бо ў цябе няма магчымасьці гэта спыніць. Я бачыла, што гэта цунамі ідзе.
Мы прыходзілі ў дом ад Акадэміі навук, дзе жылі хімікі і фізыкі, высокапастаўленыя навукоўцы. І яны падпісваліся за Лукашэнку. Ува мне ўсё проста крычала. Мне хацелася сказаць: «Дарагая, ты кандыдат навук у фізыцы, я бачу, у цябе шмат кніжак. Але чаму ты такая разумная і такая тупая адначасова?» Гэта ж трыкстэр у клятчатым касьцюме, ён усіх прадасьць, і нас чакае невядома што.
І я памятаю, як стары чалавек сказаў: «Я прагаласую за Кебіча, бо знаёмы д’ябал лепшы за незнаёмага».
Я памятаю, я сьніла кашмары перад другім турам. І калі б я тады ведала, што нам давядзецца жыць у гэтым 30 гадоў, я б, напэўна, ня выжыла. Гэта вялікае шчасьце — ня ведаць сваёй будучыні. Мы ж доўгі час думалі, што гэта ненадоўга.
Пра радасьць жыцьця нават пасьля прыходу цяжкай хваробы (студзень 2026)— Увогуле чалавек — гэта такая студня і капальня, што ён сабе радасьці знойдзе ва ўсім. Зараз я вельмі хачу паехаць у цэнтар Варшавы і паглядзець на калядныя ўпрыгожаньні. Я жыву разам з усімі людзьмі, адчуваю тое, што іншыя людзі і мае сучасьнікі. Людзі так баяцца вайны і, жывучы ў гэтай тэме, яны ўсё пышней і пышней стараюцца ўпрыгожваць каляды ваенныя. Я раней думала, як гэта ў Рэмарка ці ў іншых вайсковых успамінах — пра Варшаўскае паўстаньне, пра Беларусь пад акупацыяй, як гэта людзі маглі кахаць, нараджаць, гуляць, піць, вясельле сьвяткаваць і гэтак далей. А цяпер я гэта ўсё зразумела.
І адчуваньні вастрэйшыя, і радасьці вырастаюць у вялізным памеры, бо тое, што мы бачым, — гэтыя цені — яны вельмі высокія, вельмі чорныя. І вось ты пачынаеш параўноўваць сваё жыцьцё. Нават у самыя горшыя моманты, калі я хварэла, і памірала нават некалькі разоў, то ўспамінала, што хаця б паміраю сярод прыязных людзей на белых прасьцінах і ўсе стараюцца мне дапамагчы. А ёсьць украінскія ваеннапалонныя і ёсьць беларускія палітвязьні. Я заўсёды малюся за душу той 39-гадовай дзяўчыны, адзінай дачкі старой няшчаснай маці, якую фактычна дабілі ў турме. У яе быў ракавы дыягназ, яе выпусьцілі толькі памерці. Яна пажыла на свабодзе пару месяцаў дый памерла. Вось за іх я малюся. І на фоне гэтай чарнаты маленькія радасьці выглядаюць вельмі значнымі.
| # | Наименование новости | Тональность | Информативность | Дата публикации |
|---|---|---|---|---|
| 1 | «Гэта прыгожа, як агонь». Як дамаўляліся выдаць кнігу Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» | 0 | 9.17 | 21-07-2026 |
| 2 | Юры Хашчавацкі на Свабодзе — пра Лукашэнку, уладу, свае фільмы і Беларусь | 0 | 12.78 | 23-07-2026 |
| 3 | В Чите умерла писательница Елена Стефанович | 0 | 0 | 08-06-2021 |
| 4 | Заснавана прэмія Евы Вежнавец | 0 | 10 | 07-08-2026 |
| 5 | Кніжны маркет памяці Святланы Курс пройдзе ў Варшаве 9 жніўня | 0 | 20 | 31-07-2026 |
| 6 | Умерла театральный критик Элеонора Красновская | 0 | 0 | 06-06-2020 |
| 7 | Умерла актриса Анастасия Вознесенская | 0 | 0 | 14-01-2022 |
| 8 | Умерла народная артистка Украины Евгения Дембская | 0 | 0 | 30-06-2019 |
| 9 | Умерла ведущий лектор-музыковед Московской филармонии Светлана Виноградова | 0 | 0 | 24-01-2019 |
| 10 | Умер литературовед и просветитель Евгений Марцинкевич | 0 | 0 | 19-02-2019 |